563 чалавекі працягваюць лічыцца зьніклымі бязь вестак, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Пошукава-выратавальныя брыгады, якія займаюцца ліквідацыяй наступстваў лясных пажараў на поўначы Каліфорніі, знайшлі ў сераду целы яшчэ дзьвюх ахвяраў. Такім чынам, агульная колькасьць загінулых дасягнула 83 чалавек.
Колькасьць людзей, якія прапалі бязь вестак, зьнізілася з 1200 (паводле дадзеных на мінулыя выходныя) да 700 у панядзелак і да 563 к вечару серады. Reuters паведамляе пра гэта са спасылкай на шэрыфа паліцыі.
Пажар «Кэмп» зьнішчыў 13,5 тысячы дамоў у раёне гораду Парадайз, за 225 км на поўнач ад Сан-Францыска. Некалькі тысяч чалавек, якія засталіся бяз даху над галавой, разьмясьцілі ў намётавых мястэчках. Адно зь іх арганізавалі ў суседнім з Парадайзам горадзе Чыка.
Пажар, які пачаўся амаль два тыдні таму, завяршыўся дзякуючы залевам, якія ўпершыню за шмат месяцаў абрынуліся на гэты рэгіён Каліфорніі. Аднак моцныя дажджы могуць прывесьці да паводкі ў многіх раёнах, пацярпелых ад пажару. Сыноптыкі папярэдзілі аб небясьпецы паводак у раёне Парадайзу і акруг Лэйк, Трыніці і Мэндасіна.
Агульная колькасьць людзей, якія ў выніку пажару сталі бяздомнымі, пакуль невядомая. Улады аддалі загад аб эвакуацыі прыкладна 52 тысяч чалавек.