Тое, што за жаночымі прыбіральнямі назіраюць відэакамэры, не парушэньне. І тое, што МУС бязьдзейнічае ў гэтым пытаньні, таксама не парушэньне.
Менскі гарадзкі суд пакінуў без задавальненьня скаргі актывістак Алены Дубовік і Марыны Дубінай на ранейшыя рашэньні суду Цэнтральнага раёну і Міністэрства ўнутраных спраў адносна ўмоваў утрыманьня арыштаваных у менскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна і ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Жодзіне, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Напярэдадні «Маршаў недармаедаў» 15 сакавіка, а таксама падчас і пасьля іх былі затрыманыя дзясяткі чалавек. Затрыманьні адбываліся ў тым ліку перад маршам у Менску, дзе акцыя была дазволеная ўладамі. Дубіна і Дубовік былі ў ліку прэвэнтыўна затрыманых. Першай прысудзілі 14 сутак арышту, другой 12 сутак — за «дробнае хуліганства» і «непадпарадкаваньне міліцыі».
У скаргах у МУС яны пісалі, што ў камэры на Акрэсьціна актывісткі не маглі схавацца ад пастаянна ўключаных відэакамэраў, нават пры выкарыстаньні прыбіральні або гігіенічных працэдурах. У камэры ў Жодзіне туалет наагул ня быў абгароджаны, а гарачай вады не было. І там, і там супрацоўнікі-мужчыны маглі назіраць за арыштаванымі жанчынамі нават у самыя прыватныя моманты. Акрамя таго, у ІЧУ ў Жодзіне наагул не заўважылі супрацоўнікаў-жанчын.
Дубіна і Дубовік прасілі МУС прызнаць такія ўмовы дыскрымінацыйнымі і ліквідаваць неналежнае абыходжаньне са зьняволенымі. МУС ня выявіў парушэньняў заканадаўства, не разгледзеўшы падрабязна пытаньні са звароту. Суд Цэнтральнага раёну Менску на іх скаргу на такое рашэньне адказаў, што МУС даў абгрунтаваны адказ.
У Менскім гарадзкім судзе актывісткі папрасілі, каб ім далі азнаёміцца з матэрыяламі праверкі. Суд запатрабаваў матэрыялы той праверкі і вывучыў іх, але хадайніцтва было адхіленае, бо такія матэрыялы пазначаныя грыфам «для службовага карыстаньня».
Дубіна адзначае, што з матывацыйнай часткі рашэньня суду вынікае, што разглядалі пытаньне не аб парушэньнях на Акрэсьціна і ў Жодзіне, пра якія яна заяўляла і на адмову ліквідаваць якія скардзілася, а аб парушэньні заканадаўства аб зваротах грамадзянаў. Яна плянуе далей абскарджваць рашэньне на нацыянальным узроўні, пры неабходнасьці зьвярнуцца ў Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын.