Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ставілі на расьцяжку, білі па нагах». Былы палітвязень Сьвятаслаў Барановіч на судзе ў калёніі расказаў пра катаваньні


Сьвятаслаў Барановіч, архіўнае фота
Сьвятаслаў Барановіч, архіўнае фота

Мянчук Сьвятаслаў Барановіч, які адбывае 3 гады зьняволеньня за зьбіцьцё міліцыянта падчас «маршу недармаедаў», на судзе ў Наваполацкай калёніі заявіў, што супрацоўнікі калёніі ўжываюць адносна яго катаваньні.

«Ставяць на расьцяжку за мэтар ад сьцяны, б’юць да сінякоў па нагах. Таксама штучна чапляюцца ды накладаюць на яго ўсё новыя спагнаньні за дробязі кшталту таго, што ня выцер пыл на вакне. У выніку ў яго больш за 15 спагнаньняў, зноў сядзіць у карцэры», — сказала Свабодзе сястра вязьня Натальля.

5 лістапада на судзе ў Наваполацкай калёніі Сьвятаслаў Барановіч спрабаваў аспрэчыць 11 накладзеных на яго спагнаньняў. Новымі зьдзекамі і катаваньнямі, паводле Барановіча, супрацоўнікі калёніі спрабавалі дамагчыся, каб ён не змагаўся за свае правы і перастаў пісаць скаргі. Судзьдзя Сьняжана Калінічэнка, якая разглядала скаргі Сьвятаслава Барановіча, не задаволіла іх у поўным аб’ёме.

Цяпер Сьвятаслава Барановіча чакае новы суд, на якім будзе разглядацца пытаньне, ці пераводзіць яго з калёніі ў «крытую» турму з больш строгім рэжымам. Першае паседжаньне гэтага працэсу, якое адбылося ў кастрычніку, перапынілася з прычыны разгляду скаргаў вязьня на вынесеныя яму спагнаньні.

«Нядаўна даведалася, што яго запісалі ў небясьпечныя вязьні, бо нібыта ён скраў лыжку і затачыў, каб, маўляў, напасьці на каго з турэмшчыкаў. Хоць гэта неверагодна, бо часу ў яго нібыта зусім не было. Карацей, справы ў Сьвятаслава ўсё горшыя. Магчыма, да канца году яго прыгавораць да турмы, усё ідзе да таго», — мяркуе сястра Барановіча Натальля.

Сёлета ўвесну Сьвятаслава Барановіча асудзілі на 3 гады зьняволеньня за напад на міліцыянта падчас «маршу недармаедаў», які адбыўся ў 2017 годзе ў Менску. На судзе Барановіч прызнаў віну, але казаў, што ня мог ведаць напэўна, нападае на міліцыянта ці хулігана, бо той быў у цывільнай вопратцы.

Меркаваньні праваабаронцаў адносна таго, ці прызнаваць Сьвятаслава Барановіча палітвязьнем, падзяліліся. Пры гэтым яны аднагалосна прызнаюць, што правы Барановіча ў калёніі груба парушаюцца.

У 2011 годзе Сьвятаслаў Барановіч быў асуджаны на зьняволеньне з адтэрміноўкай за ўдзел у мітынгу пратэсту супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Пакуль Барановіч знаходзіўся ў вязьніцы, яго прызналі палітвязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG