Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША збор грошай для бяздомнага «дабрадзея» аказаўся афёрай


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У ЗША паводле абвінавачваньня ў махлярстве арыштаваныя бяздомны Джоні Бобіт і жыхары Нью-Джэрсі Кэйт Маклюр і Марк Д’Аміка. У 2017 годзе яны запусьцілі кампанію збору грошай для Бобіта, які нібыта аддаў апошнія 20 даляраў Маклюр, каб дапамагчы ёй у цяжкой сытуацыі. Аднак пазьней пракуратура высьветліла, што гэтую гісторыю яны выдумалі, паведамляе CBS News. Ім пагражае да дзесяці гадоў турмы.

Год таму Кэйт Маклюр распавяла ў сацсетках, як ёй на дапамогу прыйшоў бяздомны, былы марскі пяхотнік Джоні Бобіт, калі позна ўвечары на шашы ў Філядэльфіі ў яе заглух аўтамабіль. Паводле яе словаў, Бобіт пешшу пайшоў да бліжэйшай запраўкі і купіў на свае апошнія 20 даляраў каністру бэнзіну. Маклюр напісала, што яны зь сябрам вырашылі дапамагчы былому вайскоўцу, які жыве на вуліцы, і арганізавалі збор грошай праз плятформу GoFundMe. У выніку ім удалося сабраць больш як 400 тысяч даляраў. Аднак у жніўні Бобіт падаў пазоў супраць хаўрусьнікаў, заявіўшы, што яны выкарыстоўваюць грошы, якія зьбіралі яму.

Паліцыя пачала расьсьледаваньне і высьветліла, што ўся гісторыя была выдумкай, а трое махляроў пазнаёміліся ў казыно, а не на шашы.

Атрыманыя грошы пара зь Нью-Джэрсі выдаткавала на казыно, вандроўкі і машыну BMW. Паводле розных зьвестак, Бобіту дасталася 75 або 200 тысяч даляраў. Пара заявіла, што ён марнаваў грошы на наркотыкі, таму яны пералічылі яму ня ўсе ахвяраваньні.

Плятформа GoFundMe заявіла, што верне грошы ўсім, хто ахвяраваў для бяздомнага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG