Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяздомны аддаў незнаёмцы апошнія 20 даляраў, а ў адказ яму сабралі больш за 350 тысяч


З 34-гадовым амэрыканцам Джоні Бобітам адбылася дзіўная гісторыя. Бобі нарадзіўся ў горадзе Ролі ў Паўночнай Караліне, пасьля службы ў войску ён пераехаў у Філядэльфію, дзе нібыта знайшоў месца працы. Але з працай не склалася, і да таго ж мужчына падсеў на наркотыкі і залез у даўгі, а ў выніку апынуўся на вуліцы, дзе і жыў апошнія паўтара года.

У пачатку лістапада на трасе, побач зь якой ён жыў, заглух аўтамабіль, якім кіравала 27-гадовая жыхарка Нью-Джэрзі Кейт Маклюр. Яна кажа, што не разьлічыла адлегласьць да запраўкі і «да сьмерці» перапалохалася, калі яе машына ўначы заглухла на дарозе ў небясьпечным раёне. Джоні падышоў да машыны, спытаў у дзяўчыны, у чым праблема, а калі тая сказала, што ў яе з сабой зусім няма гатоўкі, ён купіў ёй каністру бэнзіну на запраўцы непадалёк. На бэнзін для Кейт Джоні выдаткаваў ўласныя $20, якія, паводле яго, на той момант былі ў яго апошнімі.

«Ён сказаў: заблякуйце дзьверы машыны і чакайце мяне: я хутка вярнуся», — распавяла Кейт. Неўзабаве Бобі сапраўды вярнуўся — з каністрай з бэнзінам, на якім Кейт і змагла даехаць дадому.

Вярнуўшыся дадому, дзяўчына вырашыла, што абавязана зрабіць нешта для свайго выратавальніка. Спачатку яна яшчэ раз зьезьдзіла ў Філядэльфію і знайшла Джоні: вярнула яму грошы і прывезла цёплую вопратку, пальчаткі і шкарпэткі. А неўзабаве ёй і яе жаніху прыйшла ў галаву ідэя, што Джоні заслугоўвае большага, чым жыцьцё на вуліцы.

Пара распавяла гісторыю Бобіта ў інтэрнэце і пачала збор сродкаў на тое, каб аплаціць Джоні жыльлё хоць бы на пару месяцаў і купіць яму ўжываную машыну: гэта дапамагло б яму вярнуцца да звычайнага жыцьця і знайсьці працу. Паводле Кейт, яны паставілі задачу сабраць 10 тысяч даляраў.

Але нечакана ўсяго за некалькі тыдняў людзі пералічылі ў дапамогу Джоні больш за 350 тысяч даляраў. На гэтыя грошы ў Філядэльфіі можна купіць цэлы дом. Але сам Бобі ужо заявіў, што зьбіраецца перадаць большую частку грошай на дапамогу іншым людзям, у першую чаргу такім жа бяздомным, як ён сам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG