Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэрэза Мэй паабяцала, што другога рэфэрэндуму пра Brexit ня будзе


Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй

Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй верыць, што яе плян выхаду краіны з Эўразьвязу правільны. Пра гэта яна заявіла на прэс-канфэрэнцыі ў Лёндане.

Мэй выказала шкадаваньне, што некалькі міністраў пайшлі ў адстаўку праз рознагалосьсі наконт Brexit, але, як заявіла прэм’ер, Вялікая Брытанія ўсё роўна выйдзе з Эўразьвязу. Мэй таксама адпрэчыла магчымасьць правядзеньня другога рэфэрэндуму ў гэтым пытаньні.

Учора ўрад Вялікай Брытаніі ўхваліў праект пагадненьня аб выхадзе з Эўразьвязу. Пасяджэньне, на якім абмяркоўваўся дакумэнт, працягвалася больш за пяць гадзін. Па яго выніках прэм’ер Мэй заявіла, што ёй удалося заручыцца падтрымкай кабінэта міністраў.

Учора адразу некалькі міністраў падалі ў адстаўку. Сярод іх міністар у пытаньнях Brexit Дамінік Рааб, малодшы міністар па Brexit Сўэла Бравэрман, міністар у справах Паўночнай Ірляндыі Шайлеш Вара і міністар працы Эстэр Макві. Усе чацьвёра адзначылі, што пакідаюць свае пасады, бо нязгодныя з пазыцыяй Мэй у дамове з Эўразьвязам.

Дакумэнтам не задаволены брытанскія лейбарысты. Лідэр гэтай вядучай апазыцыйнай партыі Джэрэмі Корбін, выступаючы ў парлямэнце, назваў дакумэнт правальным і заклікаў неадкладна яго адклікаць. Паводле яго, парлямэнтарыі ня могуць выбіраць паміж дрэнным пагадненьнем і яго адсутнасьцю. Прыхільнікі «жорсткага» Brexit, г. зн. выхаду з ЭЗ без канкрэтнага пагадненьня аб яго ўмовах з Брусэлем, патрабуюць абвясьціць Мэй вотум недаверу.

Спрэчнымі сталі пытаньні ўзаемнага гандлю, міграцыі, а таксама рэжым на мяжы паміж Паўночнай Ірляндыяй, якая ўваходзіць у Злучанае Каралеўства, і Ірляндзкай Рэспублікай, якая застаецца ў ЭЗ.

Пагадненьне, прапанаванае Тэрэзай Мэй, прадугледжвае, што Вялікая Брытанія пакуль ня пакіне Эўрапейскага мытнага саюзу і ў гандлі будзе прытрымлівацца правілаў, вызначаных Брусэлем — аж да выпрацоўкі новых пагадненьняў у гэтым пытаньні. Апанэнты прэм’ера лічаць, што Лёндан тым самым апынецца ў вельмі невыгодным становішчы, а Brexit дэ-факта ня будзе ажыцьцёўлены.

Канчатковы тэкст дамовы Вялікай Брытаніі і ЭЗ павінен быць узгоднены на спэцыяльным саміце 25 лістапада. Старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск паабяцаў зрабіць усё, каб «разьвітаньне з Брытаніяй прайшло бязбольна». Ён дадаў, аднак, што Эўропа гатовая і да варыянту «жорсткага» Brexit.

Калі дамова будзе ўхваленая краінамі ЭЗ, потым яго, у сваю чаргу, павінен зацьвердзіць брытанскі парлямэнт. На гэты момант ёсьць сур’ёзныя сумненьні ў тым, што Тэрэзе Мэй удасца заручыцца 320 галасамі — неабходным мінімумам у падтрымку дакумэнту ў Палаце грамадаў. У прэм’ер-міністаркі няма поўнай падтрымкі яе варыянту дамовы з боку дэпутатаў ад уласнай Кансэрватыўнай партыі, ня кажучы ўжо пра апазыцыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG