Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры брытанскія міністры пайшлі ў адстаўку на знак пратэсту супраць угоды з ЭЗ па Brexit


Тэрэза Мэй

У Вялікай Брытаніі 15 лістапада чатыры міністры ўраду Тэрэзы Мэй пайшлі ў адстаўку, вырашыўшы не падтрымліваць пагадненьне па Brexit (выхаду Вялікай Брытаніі з ЭЗ), які прэм’ер прадставіла 13 лістапада.

Аднак Мэй сёньня ўвечары на прэс-канфэрэнцыі заявіла, што хоць ёй шкада, што яе калегі пакінулі ўрад, яна верыць у тое, што менавіта яе варыянт угоды быў правільным.

«Лідэрства — гэта ўменьне прымаць правільныя рашэньні, а ня самыя лёгкія рашэньні, — падкрэсьліла яна. — Я ведаю, чаго мы хацелі дасягнуць: вярнуць Вялікай Брытаніі кантроль за сваімі законамі, за сваімі межамі і сваімі фінансамі». І, паводле Мэй, дамоўленасьці менавіта пра гэта і былі дасягнутыя з ЭЗ, і менавіта гэтага хацелі людзі, якія галасавалі «за» Brexit на рэфэрэндуме.

У той жа час праціўнікі дамовы і Мэй зьвяртаюць увагу на тое, што Вялікая Брытанія ў выніку ўгоды атрымае нявыгадныя ўмовы ў галінах узаемнага гандлю з Эўразьвязам, міграцыі і мяжы з Ірляндыяй. Паводле ўмоваў дамовы, Лёндан пакуль застанецца ў эўрапейскім мытным зьвязе, прычым невядома, на які тэрмін. Таксама брытанскія вытворцы пакуль будуць абавязаныя падпарадкоўвацца эўрапейскім правілам рэгуляваньня, у тым ліку і ў галіне экалёгіі.

Напярэдадні, 14 лістапада, Мэй пераканала ўрад падтрымаць дакумэнт. Пасяджэньне ўраду працягвалася больш як пяць гадзінаў, і па яго выніках Мэй атрымала падтрымку ад міністраў. Аднак ужо раніцай наступнага дня сытуацыя зьмянілася, і чыноўнікі ўраду Мэй адзін за адным пачалі падаваць заявы аб адстаўцы.

На гэты момант у адстаўку ўжо падалі:

  • сакратар у пытаньнях Brexit Дамінік Рааб — той самы чалавек, які вёў перамовы па выхадзе Вялікай Брытаніі з ЭЗ. Ён заявіў, што «ў здаровым розуме» ён ня можа падтрымаць дакумэнт, прапанаваны Мэй, і лічыць, што пагадненьне пагражае цэласнасьці Злучанага Каралеўства
  • міністр працы і пэнсійнага забесьпячэньня Эстэр Маквэй. Яна заявіла, што «паважае вынікі рэфэрэндуму», на якім жыхары Вялікай Брытаніі выказаліся за выхад з ЭЗ
  • міністар у справах Паўночнай Ірляндыі Шайліш Вара
  • міністар юстыцыі Раніл Джаявардэна

Таксама ў адстаўку падалі намесьніца міністра ў справах Brexit Сўэла Бравэрман і парлямэнцкі сакратар Ан-Мары Трэвэльян.

Мэй таксама прадставіла пагадненьне па Brexit у парлямэнце. Паводле дадзеных Guardian, за дзьве гадзіны абмеркаваньня толькі сем членаў парлямэнту падтрымалі пагадненьне, усе астатнія выказаліся супраць яго, у тым ліку і прадстаўнікі Кансэрватыўнай партыі, якую прадстаўляе Мэй. Адзін зь лідэраў торы Джэйкаб Рыз-Мог, паводле дадзеных Telegraph, ад асобы партыі рыхтуе ліст аб вотуме недаверу прэмʼеру, а 84 прадстаўнікоў торы зьбіраюцца галасаваць супраць дакумэнту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG