Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У міністра культуры новая першая намесьніца. Папярэдняя была зьвязаная са скандаламі ў Курапатах і на «Лістападзе»


Ірына Дрыга, архіўнае фота

Сярод кадравых прызначэньняў Аляксандра Лукашэнкі, абвешчаных 13 лістапада, — новая першая намесьніца міністра культуры Натальля Карчэўская.

45-гадовая Натальля Карчэўская да таго была першай прарэктаркай Унівэрсытэту культуры — на гэтую пасаду яе прызначылі толькі 1 лютага. Мае ступень кандыдата навук у мастацтвазнаўстве, званьне дацэнта. Яна аўтарка харэаграфіі для шэрагу спэктакляў Купалаўскага тэатру, РТБД, Моладзевага тэатру і іншых.

Папярэдніца Натальлі Карчэўскай на пасадзе першай намесьніцы міністра культуры — Ірына Дрыга. Ці яе проста звольнілі, ці некуды перавялі, цяпер не паведамляецца. Але ейнае імя фігуравала ў нядаўнім скандале на кінафэстывалі «Лістапад» і ў канфлікце вакол забудовы побач з мэмарыялам «Курапаты».

Спачатку адборам фіналістаў «Лістапада» займалася дырэкцыя кінафэстывалю, але пару гадоў таму пад дахам Міністэрства культуры была ўтвораная адмысловая камісія пад кіраўніцтвам Дрыгі, каб зьнізіць градус незадаволенасьці з боку тых, хто застаўся за бортам. Сёлета фармат зьмяніўся: культурнае ведамства манапалізавала працэдуру адбору, пакінуўшы дырэкцыю па-за гульнёй. На знак пратэсту з Нацыянальнага конкурсу пачалі адклікаць свае працы рэжысэры, якія выйшлі ў фінал.

Таксама Дрыга падпісала пастанову Міністэрства культуры ад 1 сьнежня 2014 году аб зьмяненьні зон аховы мэмарыялу ў Курапатах, месцы расстрэлу і пахаваньня дзясяткаў, калі ня соцень тысяч беларусаў у часы сталінскіх рэпрэсій. Зьмена ахоўных зонаў спрычыніла канфлікт у 2017 годзе, калі пратэстоўцы дамагліся спыненьня будоўлі. А канфлікт вакол рэстарацыі «Поедем поедим», якую пачалі будаваць за 50 мэтраў ад курапацкага лесу яшчэ пры старых межах зонаў, трывае дагэтуль.

Акрамя таго, Дрыга курыравала конкурс на дзяржаўную мэмарыялізацыю Курапатаў, у межах якога не спыталіся думкі грамадзкасьці і выбралі скульптуру, якую экспэрты называюць бессэнсоўнай і недарэчнай, а некаторыя актывісты параўноўваюць з прышчэпкай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG