Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут гісторыі падтрымаў захаваньне менскага Трактарагораду, які ўлады плянуюць зьнесьці


Архіўнае фота. Пасёлак Трактарнага завода ў Менску. Скрыжаваньне Чабатарова і Стаханаўскай

Менскаму Трактаразаводзкаму пасёлку, які ўлады плянуюць зьнесьці, варта надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, што будзе спрыяць пашырэньню турыстычнага патоку ў сталіцу. Такую пазыцыю выказаў Інстытут гісторыі НАН Беларусі ў адказ на зварот кампаніі «Горад для гараджанаў». Да звароту актывісты прымацавалі «дасье» раёну, дзе абгрунтавалі сваю ідэю.

На думку навукоўцаў Інстытуту гісторыі, Трактарагорад заслугоўвае статусу помніка гісторыі, бо «кварталы трактаразаводзкага пасёлка адлюстроўваюць важны пэрыяд у гісторыі разьвіцьця Менску».

Такога ж погляду прытрымліваюцца ў Саюзе архітэктараў Беларусі, куды таксама зьвярталіся каардынатары кампаніі.

Неўзабаве актывісты зьбіраюцца зьвярнуцца да гарадзкіх уладаў, каб трактаразаводзкаму пасёлку ўсё ж надалі статус гістарычнай каштоўнасьці, што прадухіліла б зьнікненьне кварталу з мапы сталіцы. Пра гэта Свабодзе расказаў ініцыятар кампаніі «Горад для гараджанаў» Дзяніс Кобрусеў.

Дзяніс Кобрусеў
Дзяніс Кобрусеў

«Цяпер мы маем меркаваньне прафэсіяналаў, якія падмацоўваюць нашу думку, што гэта мусіць быць помнікам і ахоўвацца дзяржавай, бо гэта прыклад будаўніцтва рабочых гарадкоў таго часу. У нас гатовыя дакумэнты для падачы, цяпер мы працуем, каб атрымаць падтрымку мясцовых дэпутатаў», — сказаў Кобрусеў.

Плянуюць зьнесьці ўжо 10 гадоў

Двухпавярховую забудову Трактаразаводзкага пасёлку гарадзкія ўлады маюць у плянах на знос яшчэ з 2008 году. Калі мясцовыя ўлады вырашаць надаць пасёлку статус каштоўнасьці, то разбурыць будынкі будзе немагчыма.

Жыхары Трактарагораду неаднойчы праводзілі сустрэчы зь мясцовымі чыноўнікамі, на якіх адстойвалі права раёну на існаваньне. Яшчэ летась у чэрвені на грамадзкіх слуханьнях службоўцы проста давялі людзям, што знос плянуецца і паўплываць на гэта жыхары ня могуць.

Адсяляць двухпавярховыя сталінкі ў Трактаразаводзкім пасёлку пачалі ў 2015 годзе. Пад знос ужо трапілі 11 будынкаў у раёне вуліц Клумава, Шчарбакова і Чабатарова.

На мінулым тыдні кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёну Дзяніс Аўсянікаў анансаваў знос 62 дамоў у Трактаразаводзкім пасёлку.

Пасёлак пачалі будаваць у канцы 1930-х, але будоўлю спыніла вайна. Пасьля вайны завод бамбавікоў дабудоўвалі ўжо як МТЗ. І жыльлё, адпаведна, будавалася для яго работнікаў. Мікрараён праектавалі два прафэсійныя дойліды з Украіны — Сямён Разэнфэльд і Веньямін Кастэнка. У 1947-м будаўніцтва было завершанае.

Будоўлю ўслаўляў у адным са сваіх вершаў народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка, паэтычна назваўшы раён «Трактарагорадам». Ён стаў адным зь мікрараёнаў Менску і, як лічаць гісторыкі, архітэктары, мастацтвазнаўцы і пісьменьнікі, — адным з помнікаў яшчэ ня вельмі аддаленай ад нас эпохі.​

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG