Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусбанк падняў стаўкі па крэдытах на жытло, спыніў выдачу новых


Ілюстрацыйнае фота

Беларусбанк ня будзе выдаваць новыя крэдыты на жытло да канца году. Ад 8 лістапада стаўка па крэдытах на жытло вырасьце з 13% гадавых да 15%. Пры тым Банкаўскі кодэкс з канца кастрычніка забараняе аднабакова пагаршаць працэнтныя стаўкі па крэдытах і ўкладах насельніцтва.

Паводле сайту Беларусбанку, прыём новых заяваў грамадзянаў на крэдыт на набыцьцё жылых памяшканьняў прыпынены да 31 сьнежня 2018 году ўключна. Што будзе пасьля 31 сьнежня і ці адновіцца прыём заявак, не ўдакладняецца.

Стаўкі па крэдытах на набыцьцё жылых памяшканьняў падвышаюцца з 13% да 15% гадавых — да стаўкі рэфінансаваньня цяпер дадаецца не 3 адсоткавыя пункты, а 5.

Прычыны такіх рашэньняў не паведамляюцца, іх адпаведнасьць нядаўнім зьменам у Банкаўскі кодэкс (які забараняе аднабакова пагаршаць працэнтныя стаўкі па крэдытах і ўкладах насельніцтва) не абгрунтоўваецца.

Дзяржаўны Беларусбанк — найбуйнейшы крэдытавальнік у краіне як для фізычных, так і для юрыдычных асобаў. Паводле дасьледаваньня Рэйтынгавага агенцтва БДУ, на Беларусбанк прыпадала на 1 студзеня 2018 году 41,41% крэдытаў юрыдычным асобам, 63,11% крэдытаў фізычным асобам, а таксама 29,7% крэдытаў на фінансаваньне нерухомасьці.

Пры гэтым доля крэдытаў фізычным асобам у Беларусбанку зьнізілася за 2017 год аж на 10 адсоткавых пунктаў (заўважна вырасьлі долі БПС-Сбербанку, Белгазпрамбанку і Белінвэстбанку).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG