Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп і Пуцін не правядуць сустрэчу ў Парыжы 11 лістапада


Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы ў Хельсынкі 16 ліпеня 2018

Прэзыдэнты ЗША і Расеі, Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін, ня змогуць правесьці паўнавартасную сустрэчу 11 лістапада. Перамовы мелі адбыцца ў Парыжы падчас захадаў да стагодзьдзя заканчэньня Першай усясьветнай вайны. Аб скасаваньні сустрэчы заявіў сам Трамп. Ён дапусьціў, што перамовы з Пуцінам могуць прайсьці ў рамках саміту «Вялікай дваццаткі» ў Аргентыне 30 лістапада —​ 1 сьнежня.

Пра тое, што сустрэчу двух лідэраў у Парыжы правесьці ня ўдасца, паведамілі таксама ў Крамлі. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў дапусьціў, што Пуцін і Трамп змогуць «перасекчыся на нагах».

Раней паведамлялася, што Пуцін перадаў просьбу аб сустрэчы 11 лістапада праз дарадцу прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана і што Трамп папярэдне пацьвердзіў свой удзел.

Чаму перамовы скасавалі

На захады ў Парыжы да гадавіны заканчэньня Першай усясьветнай вайны зьбяруцца лідэры дзясяткаў дзяржаваў.

Дыпляматычная крыніца газэты «Коммерсантъ» сьцьвярджае, што сустрэча Пуціна і Трампа сарвалася праз просьбу францускага прэзыдэнта Эманюэля Макрона. Ён нібыта баіцца, што перамовы палітыкаў зацяняць памятныя захады.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў адмовіўся адказваць на пытаньне, ці зьвязанае скасаваньне перамоваў з просьбаю прэзыдэнта Францыі. Аднак, паводле яго, бакі «сышліся на тым, што там [у Парыжы] цяжка будзе зрабіць поўнафарматную сустрэчу». Але «на нагах так ці інакш яны [Пуцін і Трамп] перасякуцца і дамовяцца, калі ў наступны раз змогуць сустрэцца, каб грунтоўна пагаварыць», — дадаў Пяскоў.

Ранейшыя сустрэчы Пуціна з Трампам

Упершыню Пуцін і Трамп сустрэліся 7 ліпеня 2017 году на саміце G20 ў Гамбургу. У лістападзе таго самага году яны правялі яшчэ адну сустрэчу «на нагах» на саміце Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва. Першыя і пакуль што адзіныя паўнавартасныя перамовы лідэраў краін прайшлі 16 ліпеня ў Хэльсынкі. Прэзыдэнты больш за дзьве гадзіны размаўлялі толькі ў прысутнасьці перакладнікаў. На выніковай прэс-канфэрэнцыі Трамп завіў, што наконт умяшаньня ў амэрыканскія выбары ён давярае і амэрыканскім спэцслужбам, і Пуціну, які адмаўляе гэтае ўмяшаньне.

​Тэмы перамоваў

Адной з галоўных тэмаў будучых перамоваў Пуціна і Трампа СМІ называюць дамову аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці. Вашынгтон вінаваціць Маскву ў парушэньні гэтай дамовы і зьбіраецца ад яго адмовіцца. NATO падтрымала ЗША ў гэтым пытаньні. Расейскія ўлады называлі рашэньне ЗША «шантажом» і прыгразілі «захадамі вайскова-тэхнічнага характару».

Акрамя ядзерных пагадненьняў Пуцін і Трамп, імаверна, зноў абмяркуюць умяшаньне Расеі ў амэрыканскія выбары, а таксама канфлікты на ўсходзе Ўкраіны і ў Сырыі. Яшчэ адной магчымай тэмай перамоваў СМІ называюць будаўніцтва ў Эўропе расейскага газаправоду «Паўночны паток — 2», супраць якога ЗША рыхтуюць санкцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG