Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі ўжо амаль 200 палітвязьняў. Хто яны?


Маніфэстацыя з патрабаваньнем вызваліць Алега Сянцова і іншых украінскіх палітычных вязьняў з расейскіх турмаў, Кіеў, ліпень 2018
Маніфэстацыя з патрабаваньнем вызваліць Алега Сянцова і іншых украінскіх палітычных вязьняў з расейскіх турмаў, Кіеў, ліпень 2018

Паводле расейскай праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял» колькасьць палітычных зьняволеных у Расеі дасягнула амаль 200. Чатыры гады таму іх было ў чатыры разы менш.

Са справаздачы Мэмарыялу «Расейскія палітвязьні ў 2018 годзе: сытуацыя і тэндэнцыі»

На працягу апошніх гадоў колькасьць палітвязьняў няўхільна павялічваецца, прычым, рост адбываецца за кошт асоб, якіх перасьледуюць у сувязі з рэалізацыяй права на свабоду веравызнаньня, тады як колькасьць астатніх палітвязьняў застаецца больш-менш нязьменнай.

Па-ранейшаму ў ліку палітвязьняў аказваюцца грамадзяне Ўкраіны і Расеі, асуджаныя ў сувязі з антыўкраінскай кампаніяй расейскай улады. Сярод тых, хто папоўніў сьпіс палітвязьняў за апошні год, Д.Бахолдзін, М.Дадзеў, А.Шумкоў, якія прасьледуюцца па абвінавачваньні ва ўдзеле ў арганізацыі «Правы Сэктар» на тэрыторыі Ўкраіны. В.Прысіч і Г.Шаблій, сталі закладнікамі кампаніі па пошуку ўкраінскіх «дывэрсантаў» у Крыме, — пішуць на сайце расейскай праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял».

У цэлым у агульным сьпісе палітвязьняў на сёньня такіх 13 чалавек (28 апроч пазбаўленых волі ў Крыме па абвінавачваньні ва ўдзеле ў арганізацыі Хізб ут-Тахрыр).

Па абвінавачваньнях, зьвязаных з рэалізацыяй права на свабоду выказваньня ў інтэрнэце, папоўнілі сьпіс палітвязьняў за апошні год Д.Багатаў, П.Міласэрдаў, В.Сакалоў, З.Трацьцяк.

Расейскія ўлады працягваюць выкарыстоўваць інструмэнты крымінальнага перасьледу для абмежаваньня свабоды сходаў. За мінулы год сьпіс «Мэмарыялу» папоўніўся імёнамі К.Салтыкова, В.Шатроўскага, М.Цакунова, Я.Сідарава, пазбаўленых свабоды ў гэтай сувязі. А ў цэлым у ім сёньня 8 ахвяраў барацьбы ўлады са свабодай сходаў.

Падаўленьне права на свабоду аб'яднаньняў часта спалучаецца з прыгнётам правоў на свабоду веравызнаньня. Гэтыя рэпрэсіі набылі асаблівы размах, верагодна, у сувязі з лёгкасьцю крымінальнага перасьледу не за пэўныя дзеі, але толькі за ўдзел у арганізацыі. Найбольш масавы характар мае перасьлед мірнай ісламскай фундамэнталісцкай арганізацыі Хізб ут-Тахрыр, якая толькі ў Расеі з усіх краін сьвету прызнаная тэрарыстычнай.

За мінулы год сьпісы «Мэмарыялу» папоўнілі дзясяткі пазбаўленых свабоды ў гэтай сувязі. Прычым, паводле арганізацыі, з кожным новым судом прысуды, нягледзячы на адсутнасьць якіх бы то ні было доказаў гвалту, падрыхтоўкі ці заклікаў да яго робяцца ўсё больш суворымі.

Калі ў сьнежні 2017 году па справе 8 мусульман у Казані максымальны прысуд аднаму зь іх, А.Хафізаву, склаў 19 гадоў і 2 месяцы, гэта было «рэкордам» на той момант. А у ліпені 2018 году па справе 21-го мусульманіна ва Ўфе максымальны тэрмін пазбаўленьня волі (Р. Нурлыгаянаў) ужо склаў 24 гады. Усяго ў сьпісах «Мэмарыялу» – 85 пазбаўленых волі па абвінавачваньні ў чальцоўстве ў Хізб ут-Тахрыр. Асабліва абуральна неправавы характар гэты перасьлед мае ў Крыме, паколькі ва Ўкраіне гэтая арганізацыя дзейнічае легальна, адзначаецца на сайце «Мэмарыялу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG