Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя выракі незалежным журналістам на Берасьцейшчыне. Караюць за працу без акрэдытацыі


Незалежныя журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава, архіўнае фота
Незалежныя журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава, архіўнае фота

На Берасьцейшчыне суды над рэпартэрамі не спыняюцца і ў дзень міжнароднай акцыі «Станем за журналістыку».

5 лістапада суд Бярозаўскага раёну прысудзіў чарговы штраф незалежнай журналістцы Тамары Шчапёткінай.

Прысуд прыпаў на дзень, калі Міжнародная фэдэрацыя журналістаў праводзіць акцыю салідарнасьці.

Судзьдзя Натальля Вакульчык прызнала Тамару Шчапёткіну вінаватай у вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі і прысудзіла ёй штраф у памеры 857,5 рубля (35 базавых велічыняў).

Тамара Шчапёткіна расказала Свабодзе, што цягам трох месяцаў яе аштрафавалі на суму звыш 1500 даляраў. Гэтым разам яе судзілі за апублікаваны на Радыё Рацыя артыкул аб прэзэнтацыі літаратурнага зборніка «Жырандоля».

Тамара Шчапёткіна (архіўнае фота)
Тамара Шчапёткіна (архіўнае фота)

«У судзе я на пальцах даводзіла, што не зьяўляюся карэспандэнтам Радыё Рацыя і мне акрэдытацыя не патрэбна. Таксама казала, што я не зьяўляюся выдаўцом СМІ. Я абуралася, за што такімі штрафамі караюць? Я што, урон краіне нанесла, ці што? Дзе пацярпелыя? Іх няма, а для папулярызацыі культуры той артыкул — гэта плюс», — кажа Тамара Шчапёткіна.

На суд Тамара Шчапёткіна прынесла і працоўную кніжку, зь якой відаць, што яна пэнсіянэрка і ніякіх запісаў аб працы на Радыё Рацыя там няма.

Тамара Шчапёткіна лічыць, што прысуд абмяжоўвае яе правы чалавека на збор і распаўсюд інфармацыі. Журналістка плянуе абскарджваць прысуд і зьвяртацца ў Камітэт ААН па правах чалавека. У гэтым Камітэце цяпер прынятая да разгляду яе леташняя скарга.

Чарговыя штрафы журналістам у Берасьці

5 лістапада пра чарговыя штрафы даведаліся берасьцейскія журналісты Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава і Яўген Скрабец.

2 лістапада ў Ленінскім судзе Берасьця над імі прыйшлі суды за інтэрвію з праціўнікамі акумулятарнага заводу. На той суд журналісты вырашылі ня ісьці на знак пратэсту, яны заявілі, што разглядаюць гэты працэс як палітычна матываваны.

Яўген Скрабец (архіўнае фота)
Яўген Скрабец (архіўнае фота)

У панядзелак стала вядома, што ў іх адсутнасьць журналістам прысудзілі па 612,5 рубля штрафу кожнаму (25 базавых велічыняў).

Іх судзілі за працу без акрэдытацыі на замежныя СМІ. За інтэрвію з удзельнікамі пратэсту супраць акумулятарнага заводу.

Ляўчук і Харытонава пакараныя за артыкул на сайце «Белсату», Яўген Скрабец — на сайце Радыё Рацыя.

«Станем за журналістыку»

5 лістапада Міжнародная фэдэрацыя журналістаў праводзіць кампанію ў абарону незалежных журналістаў пад лёзунгам «Станем за журналістыку». Такім чынам прыцягваецца ўвага да «пагрозаў, зь якімі сутыкаюцца калегі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG