Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На маладафронтаўца склалі пратакол за пакет насваю, які знайшлі каля ягонай парты ў школе


Насвай, ілюстрацыйнае фота

Сам Пацёмкін кажа, што пакет не ягоны, а міліцыя пагражала яму і ягонай сяброўцы.

У адной са школаў Лагойску 19 кастрычніка настаўнікі знайшлі між партаў пакет насваю — забароненага ў Беларусі тытунёвага вырабу для жаваньня. Пратакол за «незаконныя дзеяньні зь некурыльнымі тытунёвымі вырабамі» склалі на сябра «Маладога фронту» Мікіту Пацёмкіна.

Як сказаў Свабодзе сам Пацёмкін, яго ў гэты час не было ў школе — ён сыходзіў дамоў пераапранацца. Спачатку, кажа ён, міліцыянты гутарылі зь ягонай сяброўкай-аднаклясьніцай, ціснулі на яе і ўгаварылі падпісаць пратакол апытаньня.

Пасьля міліцыянты выклікалі яго самога — паводле Пацёмкіна, прасілі заявіць, што пакет належыць ягонай сяброўцы, пагражалі нейкімі «наступствамі», а калі ён адмовіўся, сказалі: «Тады гэта тваё». Ён адмовіўся падпісваць пратакол апытаньня і пісаць тлумачэньні, на яго склалі пратакол паводле ч.1 арт.16.10 КаАП РБ.

Пацёмкін заяўляе, што пакет не ягоны, нават знойдзены не пад ягонай партай, а паміж ягонай і суседняй. Цяпер чакае выкліку ў камісію па справах непаўналетніх.

Адзін з заснавальнікаў «Маладога фронту», сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец на Facebook назваў пратакол на Пацёмкіна «відавочнай помстай». Севярынец адзначыў, што актывіст ня раз браў удзел у абароне Курапатаў, а яго маці паўгода змагаецца «з раённым судом i выканаўцамi, якiя сканфiскавалi маёмасьць без пастановы суду, прычым частку скралi».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG