Лінкі ўнівэрсальнага доступу

36 краін Эўропы спрасьцілі імпарт беларускіх тавараў


Ілюстрацыйнае фота. Беларускія трактары МТЗ (на парадзе 3 ліпеня 2017 году)

Беларускія вытворцы ў галінах машынабудаваньня, харчовай і лесаапрацоўчай прамысловасьці, якія пажадаюць экспартаваць свае тавары ў краіны Эўропы, атрымалі права самастойна вызначаць, ці адпавядае іх прадукцыя эўрапейскім стандартам.

Такое стала магчымым пасьля таго, як 31 кастрычніка Беларусь падпісала дамову з Эўрапейскай арганізацыяй акрэдытацыі, у якую ўваходзіць 36 краін, а Беларусь мае статус асацыяванага сябра.

Пра гэта журналістам 2 лістапада паведаміла дырэктарка Беларускага дзяржаўнага цэнтру акрэдытацыі Тацяна Мікалаева. Яна патлумачыла, што дамова дала беларусам права праводзіць у сябе вымярэньні на адпаведнасьць міжнародным нормам:

«Без акрэдытацыі тавар проста ня возьмуць у Эўропу. Раней, каб атрымаць акрэдытацыю на продаж, напрыклад, нейкага новага станка, які пачалі зьбіраць у Беларусі, трэба было перадаваць яго на экспэртызу ў Польшчу. Такая працэдура каштавала ў сярэднім 25 тысяч эўра. Ацэнка непасрэдна ў Беларусі абыдзецца ў 10 разоў таньней».

З заводаў — у майстэрні

Сэртыфікацыя ў Беларусі ўсё болей пераходзіць са сфэры вытворчасьці ў сфэру паслуг, паведаміла дырэктарка Беларускага дзяржаўнага інстытуту стандартызацыі і сэртыфікацыі Ірына Асмола.

Паводле яе тлумачэньняў, гэта зьвязана з тым, што паслугі займаюць усё большае месца ў стварэньні валавога ўнутранага прадукту. Летась у Беларусі амаль палова ВУП была выраблена менавіта ў сфэры паслуг. У некаторых краінах Эўразьвязу і ў ЗША гэты паказьнік дасягнуў 70% і нават 80%.

У Беларусі цяпер засталося тры віды паслуг, якія падлягаюць абавязковай сэртыфікацыі: абслугоўваньне гульнявых аўтаматаў, падрыхтоўка кіроўцаў аўтатранспарту і некаторыя апэрацыі ў будаўніцтве.

Але само жыцьцё, як сказала спадарыня Асмола, вызначае новыя кірункі. Апошнім часам ідзе шмат скаргаў на нізкую якасьць прыбіраньня кватэраў і офісаў. Але ў судзе такія спрэчкі амаль немагчыма вырашыць, бо няма дзяржаўнай сэртыфікацыі гэтай паслугі.

«Таму ўладальнікі офісаў і звычайныя жыхары, якія наймалі людзей на прыбіраньне кватэр, пачалі літаральна грукаць у дзьверы дзяржстандартызацыі. Ім неабходная незалежная ацэнка і цаны, і якасьці зробленага. Над гэтым ужо пачалі працаваць», — сказала Ірына Асмола.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG