Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вернікі просяць Саўмін зрабіць Дзяды выхадным днём


Дзяды на каталіцкіх могілках у Ракаве
Дзяды на каталіцкіх могілках у Ракаве

У Савет міністраў Беларусі 1 лістапада накіраваная пэтыцыя «Зрабіць Дзяды непрацоўным днём — даць магчымасьць ушанаваць продкаў!» з 2.588 подпісамі. Аўтары калектыўнага звароту, каталіцкія вернікі, просяць зрабіць непрацоўнымі днямі 1 або 2 лістапада, калі ня толькі каталікі, але і многія іншыя беларусы наведваюць магілы сваіх блізкіх памерлых.

У народзе гэтае старажытнае сьвята памінаньня памерлых называюць Дзяды. Да 1998 году 2 лістапада было ў Беларусі непрацоўным — нароўні з праваслаўнай Радаўніцай, якую адзначаюць увесну. Але ўказам ад 26 сакавіка 1998 году № 157 «Аб дзяржаўных сьвятах, сьвяточных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» Дзень памяці продкаў быў прызнаны сьвяточным, аднак працоўным днём. Тады ж былі скасаваныя выходныя панядзелкі пасьля Вялікадня.

Што важна ведаць пра Дзяды >>>

У 2017 годзе аналягічную пэтыцыю ўжо накіроўвалі ў Саўмін, аднак адказ паступіў з апарату Ўпаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. У прыватнасьці, гаварылася, што апарат «не прымае рашэньні аб абвяшчэньні непрацоўнымі днямі дзяржаўных сьвятаў, сьвяточных дзён і памятных датаў». У той жа час у апараце заявілі, што «права на свабоду веравызнаньня, замацаванае ў Канстытуцыі, не дае вернікам ніякіх перавагаў перад грамадзянамі, якія прытрымліваюцца атэістычных перакананьняў, — у адваротным выпадку гэта парушыць прынцып раўнапраўя грамадзянаў». Таму ў апараце палічылі, што «дапаўняць рэлігійныя сьвяты, якія адзначаюцца ў Беларусі ў якасьці сьвяточных дзён, яшчэ адным, і абвяшчаць яго непрацоўным днём, немэтазгодна».

Але паколькі пра Дзяды, якія адзначаюцца 2 лістапада і не зьяўляюцца выключна каталіцкім сьвятам, у адказах нічога не гаварылася, ініцыятары кампаніі вырашылі аднавіць збор подпісаў і зноў накіраваць пэтыцыю з патрабаваньнем, каб яна была разгледжаная ў органе, які ўпаўнаважаны вырашаць падобныя пытаньні — Савеце міністраў Беларусі.

У пэтыцыі падкрэсьліваецца, што калі Дзяды былі непрацоўным днём, гэта давала магчымасьць грамадзянам Беларусі выканаць свой абавязак сумленьня і памяці, ушанаваць продкаў, паклапаціцца аб добраўпарадкаваньні могілак. У звароце нагадваюць, што праваслаўныя вернікі маюць свой дзень памяці продкаў — Радаўніцу, якая афіцыйна зьяўляецца выходным. Больш за тое, кіраўніцтва дзяржавы для зручнасьці грамадзянаў перад Радаўніцай пераносіць працоўныя дні. Каталікі, як і многія беларусы, якія адзначаюць Дзяды 1 і 2 лістапада, пазбаўленыя такой магчымасьці, што дае падставы казаць пра дыскрымінацыю, лічаць ініцыятары кампаніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG