Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моўныя тэсты для чыноўнікаў — што яшчэ пазычыць беларусам у каталёнцаў для сапраўднага дзьвюхмоўя


Замежнікі, якія вучаць каталянскую мову на курсах у Барсэлёне

Каталёнія ня мае палітычнай незалежнасьці, але беларускамоўныя могуць пазайздросьціць статусу і падтрымцы каталянскай мовы. І ня толькі таму, што ў школах усе прадметы выкладаюцца па-каталянску.

За моўныя курсы плаціць дзяржава, а службоўцу трэба здаць тэст у каталянскай

Каб працаваць ў Каталёніі на дзяржаўнай службе — ад выхавальніцы ў грамадзкім дзіцячым садку да паліцыянта — акрамя гішпанскай трэба ведаць каталянскую на «дастатковым ўзроўні» (Nivell de suficiència, C1). Гэта ўзровень, вышэйшы за першыя тры — базавы, элемэнтарны і прамежкавы.

Людзі, якія ўжо дарослымі прыяжджаюць у Каталёнію зь іншых рэгіёнаў Гішпаніі і з-за мяжы, могуць вучыць мову на курсах, якія ладзіць Кансорцыюм моўнай нармалізацыі. Сваімі мэтамі Кансорцыюм падобны да Таварыства беларускай мовы. Аднак ён ня толькі аб’ядноўвае недзяржаўныя ініцыятывы, але і працуе пры ўдзеле і зь фінансавай падтрымкай ураду Каталёніі й мясцовых уладаў.

Шаві
Шаві

Шаві выкладае на моўных курсах Кансорцыюму з 1997 году, а з 2009 ён працуе ў моўным цэнтры, які месьціцца ў Гатычным квартале Барсэлёны:

«Пераважная большасьць тых, хто прыходзіць сюды вучыцца, — гэта людзі з Паўднёвай Амэрыкі. Вельмі шмат прыяжджаюць з Вэнэсуэлы — у сувязі з тамтэйшай палітычнай сытуацыяй. Таксама даволі багата людзей з Цэнтральнай Амэрыкі. Потым людзі з Марока. З Эўропы ў асноўным італьянцы, трошку французаў.

Прычыны могуць быць працоўныя ці асабістыя — некаму гэта трэба для працы, нехта хоча загаварыць па-каталянску з блізкімі людзьмі. Іншаземцам заканчэньне моўных курсаў яшчэ дапамагае атрымаць так званыя "дакумэнты на ўкараненьне" (па-гішпанску papeles de arraigo)».

​Навучальныя цэнтры фінансуюцца ўрадам Каталёніі і мясцовымі ўладамі. Кансорцыюм моўнай нармалізацыі таксама кансультуе ў моўных пытаньнях і заахвочвае прыватны бізнэс і гандаль карыстацца каталянскаю.

Кожны моўны курс працягваецца 45 гадзін, — тлумачыць Шаві. Можна яго прайсьці за месяц, за два ці за тры — залежыць ад таго, колькі разоў на тыдзень займацца. Першыя тры ўзроўні (агулам 135 гадзін) бясплатныя. Потым ужо трэба плаціць, калі хочаш вучыцца далей.

«На першым ўзроўні вучым самым базавым рэчам, каб можна было дамовіцца ў найпрасьцейшых сытуацыях — купіць нешта, ведаць рэчы ў доме, троху расказаць пра сябе».

«Размаўляць з сябрамі і разумець мясцовую культуру»

Дэбара
Дэбара

Дэбара — архітэктарка, працуе ў Барсэлёне ў міжнароднай кампаніі, арганізуе выставы ў сфэры архітэктуры і дызайну. Яна прыехала з Бразыліі менш за год таму і добра ведае гішпанскую мову:

«У мяне не было пільнай патрэбы вучыць каталянскую, проста хацелася больш разумець мясцовую культуру. Але я пабачыла, што гэта дапамагае ў працы. Калі зьвяртаюся да мясцовай кампаніі, дык нават два-тры словы па-каталянску вельмі радуюць людзей...

Ужо магу разумець навіны па тэлевізіі, глядзець сэрыялы. Найцяжэйшае — размаўляць. Бо часам мовы блытаюцца.

Калі зьвяртаюся да людзей на каталянскай, дык яны найчасьцей на ёй адказваюць. Пазьней мы звычайна пераходзім на гішпанскую, бо я яшчэ ня так добра вывучыла мову, але абавязкова вывучу».

Ісрар
Ісрар

Ісрар прыехаў з Пакістану, жыве ў Каталёніі ўжо пяць гадоў, працуе ў рэстаране хуткага харчаваньня KFC. Ён пачаў вучыць каталянскую некалькі месяцаў таму — раней вывучыў гішпанскую.

«Каталянская троху дапаможа мне на працы, але ў асноўным мова мне трэба, каб размаўляць зь сябрамі-каталёнцамі. Тое, што я вучу мову, не зьвязана з кар’ерай ці пошукамі новай працы — проста ў мяне шмат сяброў, зь якім я хачу размаўляць па-каталянску».

«Па-каталянску адкрываецца больш магчымасьцяў»

Ірына
Ірына

Фатографка і перакладчыца Ірына прыехала ў Барсэлёну сёлета ў студзені:

«Мой муж каталёнец. Раней мы тры гады жылі ў Нямеччыне і тры гады ў Расеі. Я пайшла на першы курс каталянскай увесну і таксама вучу гішпанскую.

Мы з мужам пазнаёміліся ў Бэрліне і спачатку размаўлялі па-нямецку. Гэта была наша агульная мова пару гадоў. Ён таксама вучыць расейскую. Цяпер мы размаўляем у сям’і на чатырох мовах — нямецкай, расейскай, каталянскай і гішпанскай. Я ўжо разумею каталянскую на 90 працэнтаў, але мне цяжка размаўляць.

Ведаць каталянскую важна, каб разумець мясцовую культуру і традыцыі. Я пішу блог па-расейску пра Барсэлёну, а пэўную інфармацыю пра горад можна знайсьці толькі на каталянскай. Напрыклад, нешта пра гісторыю барсэлёнскага раёну Эшампле. Увогуле, пра некаторыя раёны шмат інфармацыі па-каталянску і вобмаль па-гішпанску. Таму калі вы хочаце сапраўды іх зразумець, трэба ведаць каталянскую мову.

Для працы фатографа гэта таксама карысна. Тут ёсьць арганізацыя Barcelona Activa, якую падтрымліваюць гарадзкія улады. У ёй дапамагаюць стартапам, ладзяць розныя курсы, і многія зь іх па-каталянску. Я як фатограф рабіла сабе сайт і вучылася гэтаму на курсах па-гішпанску. Але па-каталянску адкрываецца больш магчымасьцяў».

«Мне здаецца, што трэба перакладаць усю інфармацыю на дзьве мовы. Бо калі вы, напрыклад, прыехалі зь іншай часткі Гішпаніі, дык вы будзеце пачуваць сябе кепска, калі на чыгуначнай станцыі няма інфармацыі па-гішпанску. Але ў той жа час ёсьць людзі, якія жывуць тут ужо шмат гадоў і нават не спрабуюць размаўляць на мясцовай мове. Таму з абодвух бакоў трэба больш ініцыятывы.

Напрыклад, калі ў Расеі вы паедзеце ў Татарстан і там усё будзе толькі па-татарску, дык захочацца, каб было і па-расейску. Але расейцам, якія доўга жывуць ў Татарстане, варта спрабаваць вучыць татарскую».

Павел Кірылёнак
Павел Кірылёнак

Беларус Павел Кірылёнак працуе ў Барсэлёне турыстычным гідам:

«Я пачаў вучыць каталянскую недзе гадоў праз 5 пасьля таго, як сюды прыехаў. Гэта нармальная сытуацыя, бо прыежджыя тут найперш вучаць гішпанскую — яна больш патрэбная для практычнага жыцьця ў Барсэлёне. Калі жывеш у малым мястэчку ці ў вёсцы, дык можа быць іншая сытуацыя, там без каталянскай не абысьціся.

Я стаў вучыцца, каб выказаць павагу да людзей, сярод якіх жыву. У мяне былі каталянамоўныя сябры, але мы зь імі размаўлялі на гішпанскай. Калі мы зьбіраліся разам у вялікай кампаніі, дык гэта была вельмі тыповая для Барсэлёны дзьвюхмоўная гутарка. Сядзяць за сталом 7-8 чалавек, нехта гаворыць па-каталянску, а нехта па-гішпанску, усе адно аднаго разумеюць».

«Калі пачаў вучыць каталянскую, дык сутыкнуўся з праблемай — у Барсэлёне ніхто не хацеў са мной на ёй размаўляць. Бо тут ёсьць такі стэрэатып, што калі ты нетутэйшы, дык з табой пераходзяць на гішпанскую, каб табе было лягчэй. Мне давялося літаральна прымушаць і знаёмых, і нават каталянамоўных прадаўцоў у крамах, каб яны са мной размаўлялі па-каталянску. Я казаў: "Як жа я вывучу яе, калі вы са мной на ёй не размаўляеце?"

У гішпанскай прэсе часам пішуць, што каталёнцы ўсіх прымушаюць размаўляць на сваёй мове. Але ў мяне была адваротная сытуацыя — даводзілася прымушаць, каб са мной размаўлялі на каталянскай».

Натальля Жукоўская
Натальля Жукоўская

Беларуска Натальля Жукоўская з 2001 году жыве ў Каталёніі, у горадзе Матаро, цэнтры муніцыпалітэту Марэзмэ. Паводле яе, у некаторых раёнах гораду часьцей пачуеш гішпанскую, але большасьць тамтэйшых жыхароў размаўляе па-каталянску.

«Калі я прыехала, дык ўжо ведала гішпанскую мову, бо вучыла яе ў школе і скончыла факультэт гішпанскай мовы ў Менскім лінгвістычным унівэрсытэце. Мой муж — каталёнец і каталянамоўны, але першы час я размаўляла зь ім і зь ягонымі сваякамі па-гішпанску.

Пакуль не было дакумэнтаў, каб пачаць працаваць, я пайшла на курсы каталянскай у Кансорцыюме. Са мной тады вучыўся спадар зь Японіі, былі людзі з Аргентыны, Індыі, іншых краін, а таксама зь іншых рэгіёнаў Гішпаніі. Потым я вучылася сама на старонцы Кансорцыюму ў інтэрнэце.

Першая праца ў мяне была ў кветкавай краме. На той час я ўжо ведала каталянскую і адказвала кліентам на той мове, на якой да мяне зьвярталіся. Часам мяне пыталіся, ці я не з Балеарскіх выспаў, бо чулі акцэнт, але не разумелі, адкуль ён».

Натальля працуе ў экспартным аддзеле фірмы, якая прадае сваю прадукцыю па ўсім сьвеце. На працы каталянская мова для яе неабавязковая, але нядаўна яна здала тэст на ўзровень С1.

«Мне гэты сэртыфікат быў непатрэбны, але я на ўсялякі выпадак здала экзамэн. Няхай будзе — не зашкодзіць. Да таго ж было цікава яшчэ падвучыць мову і ведаць яе глыбей».

20 фактаў пра каталянскую мову

  • Краіна Catalunya — Каталёнія, палітыка — каталёнская. А мова català — каталянская.
  • Па-каталянску гавораць 9 мільёнаў чалавек і яшчэ 2 мільёны яе разумеюць. Гэта дзявятая мова паводле колькасьці носьбітаў у Эўрапейскім Зьвязе.
  • Яны жывуць у гішпанскіх рэгіёнах Каталёнія, Валенсія, Балеарскія выспы (Маёрка і Мэнорка), у частцы Арагону; у францускім дэпартамэнце Ўсходнія Пірэнэі; а нават на Сардыніі. У незалежнай дзяржаве Андоры каталянская — адзіная дзяржаўная мова.
  • Каталянскай мовай валодаў беларускі кароль Андоры Барыс І (Скосыраў, родам зь Вільні). Караляваў з 7 па 20 ліпеня 1934 году.
  • Вы думалі, што каталянская — дыялект гішпанскай? Памыляліся. Людзі, якія гавораць на гішпанскай мове, не заўсёды разумеюць каталянскую мову.
  • Залаты век каталянскай мовы быў у XIII–XV ст. Яна стала мовай усяго Міжземнамор’я, адной зь «вялікіх моваў Эўропы». Якуб І Заваёўнік (1208–1276), манарх міжземнаморскага Арагонскага каралеўства, фінансаваў перапісваньне кніг і сам дыктаваў свае хронікі па-каталянску. «Тырант Белы» Ж. Мартурэля (1490) — першы сучасны раман у эўрапейскай літаратуры.
  • Па-каталянску аформлены знакаміты Атляс сьвету 1375 году, твор картаграфіі і мастацтва, дзе ёсьць «паганская Літва», а цяперашняя Беларусь пазначаная словам EUROPA.
  • Архітэктар-мадэрніст Антоні Гаўдзі (аўтар праекту царквы Саграда Фамілія) прынцыпова гаварыў па-каталянску нават з каралём Гішпаніі; у 1924 годзе яго зьбіла і арыштавала гішпанская паліцыя за ўдзел у дэманстрацыі супраць забароны каталянскай мовы. А сюррэаліст Салвадор Далі па-каталянску пісаў на сваіх карцінах.
  • Арыгінал гімну польскай «Салідарнасьці», песьні «Муры рухнуць» у выкананьні Яцэка Качмарскага, напісаны па-каталянску: песьня L’Estaca (‘Слуп’) — пра Сызыфа, які ўпарта дамагаецца свабоды.
  • Каталянская мова перажыла некалькі забаронаў. У Паўночнай Каталёніі французы ў 1659 годзе абмежавалі яе ўжываньне, а пасьля рэвалюцыі ў 1789 годзе забаранілі. Толькі ў 2007 годзе каталянская прызнаная як адна з афіцыйных моваў дэпартамэнту Ўсходнія Пірэнэі.
  • Пасьля захопу Каталёніі гішпанскімі войскамі ў 1714 годзе афіцыйна ўжываць дазвалялася толькі гішпанскую. Каталянскую забараняў у справаводзтве і царкве дыктатар Прыма дэ Рывэра (1924–1931).
  • У часе дыктатуры Франсыска Франка (1939–1975) дзейнічала найбольш жорсткая забарона на каталянскую мову ў школе, адміністрацыі, кіно і тэатры, радыё і тэлебачаньні, а нават у тэлефонных размовах — ва ўсёй публічнай і часткова ў прыватнай прасторы. Нельга было называць дзяцей па-каталянску.
  • Пасьля эпохі франкізму было адноўлена права каталёнцаў на родную мову. З 1980-х гадоў у адукацыі дзейнічае мадэль «акунаньня ў мову»: асноўная мова выкладаньня ўва ўсіх школах — каталянская.
  • Футбольны клюб «Barcelona» мае свой гімн El Cant del Barça на каталянскай мове. У 2012 годзе «Барса» выпусьціла афіцыйную заяву: клюб падтрымлівае каталянскую мову і каталянскую школу зь яе мадэльлю «акунаньня» вучняў у мову. «Наша мова, як і наш Клюб, — гэта зьява, які спрыяе інтэграцыі і дае людзям магчымасьць ідэнтыфікавацца з нашай краінай, незалежна ад іхнага ранейшага грамадзянства ці перакананьняў».
  • Легендарны футбаліст Ёган Кройф, галяндзец, прыехаў гуляць за ФК «Barcelona» яшчэ ў часы дыктатуры Франка. Ён катэгарычна не прымаў моўных забаронаў і прынцыпова запісаў свайго сына па-каталянску: Жордзі.
  • Штогод Жэнэралітат (урад) аўтаномнай супольнасьці Каталёніі мэтава вылучае каля 95 млн эўраў на падтрымку і папулярызацыю каталянскай мовы (гэта без уліку абавязковай адукацыі): вывучэньне мовы і моўнай сытуацыі, спрыяньне грамадзкім ініцыятывам, дубляж фільмаў, фэстывалі і г. д.
  • Кнігі па-каталянску выходзяць у сярэднім па 8 тыс. супольным накладам 20 млн у год
  • Каталёнцы выкарыстоўваюць усе інавацыі для ўмацаваньня сваёй мовы. Каталянская вэрсія Вікіпэдыі была 3-й па часе ўзьнікненьня, а займае 20-е месца па колькасьці артыкулаў.
  • Абаронцы каталянскай мовы ў 1996 годзе ініцыявалі міжнародны рух за ўхваленьне Ўсеагульнай дэклярацыі моўных правоў як дакумэнту ААН.
  • Важныя каталянскія выразы і словы:

Bon dia! = даслоўна «Добры дзень», але так вітаюцца зранку

Benvingut! = Сардэчна запрашаем!

Si us plau! = Калі ласка!

Gràcies! = Дзякуй!

Adéu! = Бывай! (даслоўна «З богам!»)

Llibertat = Cвабода

  • 16x9 Image

    Аляксей Знаткевіч

    Нарадзіўся ў вёсцы Дашкаўка Магілёўскага раёну. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Ўнівэрсытэт Паўночнай Караліны ў Чэпэл-Гіле (ЗША). Быў рэпарцёрам і рэдактарам інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН», а таксама карэспандэнтам у Беларусі Інтэрнэт-часопісу «Transitions Online». Літаратурныя тэксты і пераклады з ангельскай і чэскай моваў друкаваліся ў часопісе Arche.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG