Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэліся неяк выпадкам на лузе… Як Някляевы да Чаргінцоў на госьці хадзілі


Тут вось учора забруілі струмяні й прамяні дабра, што называецца. Прыяцелька-паэтка апрылюдніла інсайд: у рэдакцыю неназванай дзяржаўнай літаратурнай газэты (якіх у нас небагата — уласна кажучы, «ЛіМ» адзін) патэлефанавалі Адтуль і сказалі, што розьніца паміж літаратарамі зь дзяржаўнага/недзяржаўнага Саюзаў пісьменьнікаў з гэтай сэкунды скасоўваецца. Бэрлінскі мур апаў. Дэмакратыя наступіла. Маўляў, хай і «тыя» нясуць, надрукуем.

Мусіць, нешта павінна было заясьнець у пахмурным лістападаўскім небе. Зазірнула сонца ў наша ваконца. Скончылася стаяначка на рацэ зь берагамі ў малацэ. Цяпер зажывём. Абдымуцца Някляеў з Пазьняковым і Арлоў з Чаргінцом, пусьцяць сьлязіну, пацалуюцца тройчы на ганку Дому літаратараў. Вып'юць грамулечку на брудэршафт на лаўцы ў Парку пісьменьнікаў.

Ня ведаю, можа і так. Можа, і насоўваецца на нас сьветлая прышласьць. Аднак рэцыдывы пакуль здараюцца.

Паклікалі надоечы наш незалежны Саюз беларускіх пісьменьнікаў памагчы ў адной нядрэннай справе. Ладзіцца такі міжнародны конкурс «ЧтениеPrоДвижение». У арганізатарах міністэрствы, Інстытут адукацыі, Выдавецкі Дом «Звязда», Акадэмія навук, СПБ Чаргінца. «Але для нас падзелу саюзаў няма! Хочам, каб былі і тыя, і тыя». Да таго ж, халера, школьнікі панамалёўвалі малюнкаў паводле твораў Баравіковай, Бутэвіча, Васючэнкі, Масла, Гапеева, Рублеўскай, а таму бяз «вашых» на ўрачыстай цырымоніі не абысьціся.

О’кей. Абтэлефанавалі пісьменьнікаў і пісьменьніц, папрасілі далучыцца ды ўзяць падарункі для дзетак, прывезьлі й самі кніжкі пра Кубліцкіх, Заблоцкіх, Пэтсанаў і Фіндусаў, паабяцалі давезьці кіраўніцтва для прывітальных слоў.

І ўсё было нармалёва. Кніжкі прывезьлі, кіраўніцтва і пісьменьнікі прыйшлі. Дзетак прыехала цэлае мора — ўсмешлівых, чысьценькіх, сарамлівых і відавочна прыбітых архітэктурнымі маштабамі «нацыяналкі».

Адно кепска — адзін з арганізатараў у праграму не зьмясьціўся. Ці варта й казаць, хто гэта быў. Пабаяліся асьпідаў, сапсуюць яны дзетак сваёй апазыцыяй. Завабяць сваімі Фіндусамі ў пастку безвыходную, цемру бездухоўную.

А можа, затык быў з вольным месцам: віталі цырымонію ўсё тыя ж вышэйзгаданыя міністэрствы, Выдавецкі Дом «Звязда», Інстытут адукацыі, Акадэмія навук, СПБ Чаргінца. Акрамя таго, зьявіўся з поліэтыленавым пакетам падарункаў айцец з БПЦ БЭ (МП), а таксама нейкі кіяўлянін і, па сумяшчальніцтве, член каардынацыйнага савету Міжнароднага пэдагагічнага таварыства «В защиту русского языка».

«Вы как-нибудь между дискуссями найдите возможность выступить. Только про свой Союз не говорите, пожалуйста. Лучше о себе как о писателе» — сказала намесьніку старшыні СБП Усеваладу Сьцебураку мілая жанчына, на чыю просьбу мы й памагалі ўсё гэта арганізоўваць.

У «Размовах з Кафкам» Густава Яноўха ёсьць такі эпізод. Кафка зь сябрамі завітаў у госьці да аднаго праскага мысьляра, які сваёй тэорыяй меўся зрынуць з пастамэнту сыстэму Каперніка. «Ён быў такі захоплены, што мы амаль паверылі яму», — паведаміў Кафка. «Што ж тады стала перашкодай?» — спытаў Яноўх. «Па шчырасьці, кава. Яна была паскудная. Мы сышлі».

Мы таксама сышлі.

Бог іх ведае. Можа, ім яшчэ не датэлефанаваліся Адтуль.

БОЙКА НА ЛУЗЕ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG