Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея бачыць Беларусь адной з асноўных крыніцаў папаўненьня насельніцтва. І занялася канкрэтыкай

Расейскія ўлады падрыхтавалі новую міграцыйную канцэпцыю, якая павінна прыцягнуць у краіну «мільёны людзей» — у першую чаргу рускамоўных — з усёй постсавецкай прасторы.

Пра гэта піша «Коммерсант» са спасылкай на знаёмую з дакумэнтам крыніцу.

Новы мэханізм спросьціць працэдуры прадастаўленьня грамадзянства, а таксама выдачы дазволаў на пражываньне і працу ў Расеі. Для выхадцаў з Украіны і Беларусі плянуецца адмяніць іспыт па рускай мове. Паводле задумы аўтараў праекта, менавіта гэтыя дзьве краіны стануць галоўнымі крыніцамі папаўненьня расейскага насельніцтва.

Канцэпцыя прадугледжвае і прыцягненьне тых замежнікаў, якія хоць і не зьбіраюцца станавіцца грамадзянамі, але гатовыя «прыносіць карысьць сабе і расейскаму грамадзтву».

Мэта новай нарматыўнай базы — «прыцягненьне працоўных рэсурсаў», заявіў газэце кіраўнік думскага камітэта па справах СНД Леанід Калашнікаў. Суразмоўцы «Коммерсанта», якія працавалі над новай міграцыйнай канцэпцыяй, растлумачылі яе зьяўленьне «зьмененымі геапалітычнымі рэаліямі». Паведамляецца, што дакумэнт будзе абнародаваны Уладзімірам Пуціным у сераду на VI Сусьветным кангрэсе расейскіх суайчыньнікаў, які адкрываецца сёньня ў Маскве.

Аб неабходнасьці спрасьціць выдачу расейскіх пашпартоў расейскі прэзыдэнт казаў яшчэ ў чэрвені. Тады ён заклікаў прыцягваць у краіну як мага больш людзей, якія адчуваюць сябе «кроўна зьвязанымі з рускім мірам», а таксама маюць жаданьне і здольнасьць працаваць у Расеі.

XS
SM
MD
LG