Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці журналістаў за дзень аштрафавалі ў суме амаль на 2500 рублёў


У Ленінскім судзе Берасьця адбыліся працэсы над трыма журналістамі за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі. На траіх прысудзілі штрафаў на 100 базавых велічыняў (2450 рублёў).

Разглядаліся адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя на Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву за супрацу зь «Белсатам» і на Яўгена Скрабца за супрацу з Радыё Рацыя.

Судзьдзя Алена Карпава прысудзіла Алесю Леўчуку 50 базавых велічыняў штрафу (1225 рублёў), Мілане Харытонавай — 30 базавых (735 рублёў), а Яўгену Скрабцу — 20 базавых (490 рублёў).

Яўген Скрабец сустрэў у судзе сваё 32-годзьдзе. Жартуе, што, «магчыма, праз гэта далі меней штрафу». Калегі павіншавалі Яўгена Скрабца тортам проста ў судзе.

«Мяне і маіх калегаў можна прыцягваць кожны дзень да адказнасьці, бо мы кожны дзень працуем. Але гэта здараецца падчас хваляў перасьледу. З чым зьвязана — магу толькі здагадвацца. Гэта могуць быць і пратэсты супраць заводу, якія адбываюцца ў Берасьці, або нейкія тэсты новага закону аб СМІ», — кажа Яўген Скрабец.

Журналістка Мілана Харытонава таксама зьвязвае гэтыя суды з пратэстамі супраць акумулятарнага заводу.

«І гэта не апошні суд, чарговы будзе ў нас ізноў жа разам з Алесем Леўчуком і Яўгенам Скрабцом 2 лістапада ўжо за інтэрвію, зробленае з актывістамі менавіта па тэме заводу. Два тыдні запар нас выклікалі ў нядзелі ў міліцыю якраз у час, калі адбываюцца акцыі пратэсту», — кажа Мілана Харытонава.

2 лістапада берасьцейскіх журналістаў будуць судзіць за інтэрвію з пратэстоўцамі, зробленае каля дзьвярэй гэтага ж суду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG