Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На лідэра гурту Dzieciuki завялі справу за экстрэмізм у сацсетках


Алесь Дзянісаў, архіўнае фота
Алесь Дзянісаў, архіўнае фота

На старонцы ў сацыяльных сетках горадзенскага музыканта і журналіста Алеся Дзянісава знайшлі «экстрэмізм». Копію пратакола аб заведзенай адміністрацыйнай справе Дзянісаў атрымаў на мінулым тыдні па пошце.

Алесь Дзянісаў ня ведае дакладна, якую менавіта інфармацыю на ягонай старонцы ва «ЎКантакце» міліцыянты палічылі незаконнай. Пратакол складалі безь яго. У дакумэнтах пазначана, што гэта быў перапост з пабліка vk.com/rdbelarus, уключанага ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў у 2016 годзе.

«Я лянуюся праглядаць свае пасты за 2-3 гады. Я прагледзеў толькі за год. Там ніводнага паста з гэтай старонкі няма... Я б ня стаў рабіць перапосты экстрэмісцкіх матэрыялаў, якія б распальвалі нянавісьць. Хутчэй за ўсё, гэта быў нэўтральны пост», — кажа Дзянісаў.

Журналіст ня ведаў, што згаданы паблік зьмяшчае экстрэмісцкія матэрыялы. Цяпер старонка заблякаваная. Зайсьці туды немагчыма, як і зрабіць перапост адтуль.

Частка 2 артыкулу 17.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях прадугледжвае пакараньне ад штрафу да арышту з канфіскацыяй сродкаў, празь якія былі распаўсюджаныя забароненыя матэрыялы.

У ліпені ў кватэрах Алеся Дзянісава і ягонага калегі адбыліся ператрусы. Яны праводзіліся ў межах праверкі заявы аб паклёпе. Вядома, што заяву напісала камэндантка аднаго з горадзенскіх інтэрнатаў, якія трапілі ў сюжэт тэлеканалу «Белсат» пра ўмовы жыцьця ў іх. Тады ў журналістаў канфіскавалі тэхніку. Дагэтуль зьвестак пра гэтую праверку або меркаваную справу па ёй у Дзянісава няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG