Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску — шэсьце і мітынг у знак памяці рэпрэсаваных продкаў

Традыцыйнае шэсьце пойдзе звычайным маршрутам да Курапатаў — ад гадзіньнікавага заводу ля парку Чалюскінцаў, да мэтро «Ўсход», далей па вуліцах Каліноўскага, Карбышава, Гамарніка і Мірашнічэнкі.

У Курапатах заплянаваны мітынг, які працягнецца ад 15-й да 17-й гадзіны — столькі часу трэба, каб людзі пасьпелі ўсталяваць крыжы, запаліць зьнічкі і памаліцца на месцы забойства дзясяткаў, калі ня соцень тысячаў беларусаў у часы сталінскіх рэпрэсіяў.

Цяперашнія падзеі вакол Курапатаў — пратэсты супраць рэстарацыі «Поедем поедим» і спрэчкі вакол дзяржаўнага памятнага знаку — збольшага ня зьменяць фармату і ідэі акцыі на Дзяды, але будуць згаданыя на мітынгу, расказваў Свабодзе намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі.

У панядзелак, 29 кастрычніка, з 20-й да 24-й гадзіны ў Курапатах побач з 6-мэтровымі крыжамі, пастаўленымі сёлета з боку рэстарану «Поедем поедим», начнецца вечарыны памяці «Ноч расстраляных паэтаў». Яе ладзіць адзін з абаронцаў мэмарыялу ахвярам сталінізму Зьміцер Дашкевіч.

4 лістапада КХП БНФ плянуе правесьці аналягічнае шэсьце ў Лошыцкі яр — яшчэ адно месца пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

XS
SM
MD
LG