У ЗША арыштаваны першы падазраваны ў датычнасьці да адпраўленьня пасылак з выбуховымі прыладамі на адрасы палітыкаў-апанэнтаў прэзыдэнта Дональда Трампа. Арыштаваны – 56-цігадовы Сізар Саёк, жыхар Флорыды з сувязямі ў Нью-Ёрку.
Арышт праведзены ў Флорыдзе. Паводле дадзеных NBC, у арыштаванага крымінальнае мінулае.
Раней сёньня ў Флорыдзе паліцыя выявіла падазроную пасылку, адрасаваную сэнатару-дэмакрату Коры Букер. Паведамленьні пра гэта пацьвердзіла ФБР.
Яшчэ адна падобная пасылка раніцай у пятніцу выяўленая на пошце ў Нью-Ёрку. Паводле непацьверджаных паведамленьняў, яна адрасаваная тэлеканалу CNN на імя Джэймса Клэпэра, былога дырэктара нацыянальнай выведкі.
Як мяркуецца, гэтыя дзьве пасылкі, як і 10 выяўленых апошнімі днямі і адрасаваных крытыкам прэзыдэнта Дональда Трампа пасылак, утрымлівалі самаробнае выбуховае прыстасаваньне.
Раней пасылкі з самаробнымі бомбамі даставілі або спрабавалі даставіць, у прыватнасьці, на адрасы экс-прэзыдэнтаў Біла Клінтана і Барака Абамы, былога віцэ-прэзыдэнта Джо Байдэна, актора Робэрта дэ Ніра і іншых палітыкаў-дэмакратаў або грамадзкіх дзеячоў, вядомых сваёй крытыкай Трампа.