Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Царкве маскоўскага патрыярхату ва Ўкраіне давядзецца зьмяніць назву


Патрыярх Філарэт
Патрыярх Філарэт

Адзіная праваслаўная царква Украіны, якая, як чакаецца, будзе створана ў найбліжэйшы час на аб’яднальным царкоўным саборы і атрымае ад Канстантынопальскага патрыярхату аўтакефалію (поўнае самакіраваньне), будзе афіцыйна называцца «Ўкраінская праваслаўная царква». Пра гэта заявіў у пятніцу на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве кіраўнік царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэт.

Цяпер ва Ўкраіне дзейнічаюць дзьве рэлігійныя арганізацыі, якія называюць сябе «Ўкраінская праваслаўная царква» — Маскоўскага і Кіеўскага патрыярхату. УПЦ Маскоўскага патрыярхату лічыць сябе адзінай кананічнай праваслаўнай царквой на Украіне і адмаўляецца аб’ядноўвацца зь іншымі цэрквамі. Па словах Філарэта, пасьля стварэньня адзінай аўтакефальнай царквы УПЦ (МП) давядзецца зьмяніць назву, напрыклад на «Расейская праваслаўная царква ва Ўкраіне». Паводле яго слоў, адпаведны законапраект ужо ўнесены ў Вярхоўную Раду Ўкраіны.

Філарэт запэўнівае, што ў гэтай царквы ня будуць гвалтам адбіраць храмы і іншую маёмасьць. Такія асьцярогі выказваюць у Маскве, у тым ліку ў палітычным кіраўніцтве Расеі. У той жа час, ён выказаў надзею, што прыхаджане царквы Маскоўскага патрыярхату будуць добраахвотна пераходзіць у новую адзіную ўкраінскую царкву.

Пакуль незразумела, калі адбудзецца аб’яднаўчы сабор і ці возьмуць у ім удзел прадстаўнікі УПЦ (МП). Пра жаданьне ўзяць удзел у саборы ў пятніцу заявіў высокапастаўлены герарх гэтай царквы — мітрапаліт Чаркаскі Сафроній. Аднак, паводле яго, іншыя герархі не падтрымліваюць ягоны пункт гледжаньня.

Рашэньне Канстантынопальскага патрыярхату даць аўтакефалію аб’яднанай Украінскай царквы выклікала рэзкую рэакцыю ў Маскве. РПЦ лічыць Украіну сваёй «кананічнай тэрыторыяй». Сынод Расейскай праваслаўнай царквы пастанавіў перапыніць сувязі з Канстантынопальскім патрыярхатам, абвінаваціўшы яго ў расколе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG