Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснаваны Сорасам унівэрсытэт пераяжджае з Будапэшту ў Вену


Апякунская рада Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту (ЦЭУ) абвясьціла аб пераводзе магістэрскіх і доктарскіх праграм у адкрыты раней венскі кампус унівэрсытэту. Усе студэнты, якія пачалі навучаньне ў 2019/20 акадэмічным годзе, ужо будуць вучыцца ў Вене, а не ў Будапэшце.

Да такога рашэньня апякунскую раду вымусіла не падпісаньне ўладамі Вугоршчыны пагадненьня, якое зрабіла б магчымым свабоднае функцыянаваньне ЦЭУ ў Вугоршчыне ў якасьці амэрыканскай адукацыйнай установы, зарэгістраванай у адукацыйным савеце штату Нью-Ёрк. Вугорскія ўлады афіцыйна не адмовіліся падпісаць пагадненьне, падрыхтаванае яшчэ ў мінулым годзе, але і ніяк не адгукаюцца на заклікі яго падпісаць.

Акрамя таго, паступовы пераезд у Аўстрыю выкліканы прыгнётам акадэмічных свабодаў у Вугоршчыне. На мінулым тыдні спэцыяльнасьці «гендэрныя дасьледаваньні» былі выключаныя са сьпісу ўхваленых урадам акадэмічных спэцыяльнасьцяў на падставе эканоміі сродкаў. ЦЭУ, хоць і не залежыць фінансава ад ураду Вугоршчыны, калі б застаўся ў краіне, быў бы вымушаны закрыць гэтую праграму.

У заяве апякунскай рады ўнівэрсытэту і яго рэктара Майкла Ігнацьева гаворыцца, што ЦЭУ будзе падтрымліваць дасьледчую і адукацыйную дзейнасьць у Будапэшцкім кампусе і працягне ўдзельнічаць у культурным жыцьці вугорскай сталіцы.

Цэнтральна-Эўрапейскі Ўнівэрсытэт — пасьлядыплёмная адукацыйная ўстанова гуманітарнай скіраванасьці — быў заснаваны Джорджам Сорасам ў 1991 годзе. Адкрываючы ўнівэрсытэт, Сорас арыентаваўся на студэнтаў з постсавецкіх краінаў. Ён ставіў сваёй мэтай спрашчэньне інтэграцыі навуковых, культурных, палітычных і кіраўнічых элітаў «новых дэмакратый» у сусьветныя на аснове агульнай прыхільнасьці прынцыпамі лібэралізму і адкрытага грамадзтва.

Адкрыты канфлікт ураду Віктара Орбана з ЦЭУ пачаўся ў красавіку 2017 году, калі вугорскі парлямэнт прыняў папраўкі да закону аб адукацыі, якія ўводзяць новыя патрабаваньні для замежных унівэрсытэтаў, якія працуюць у Вугоршчыне. У адпаведнасьці зь імі, ВНУ, якія працуюць у Вугоршыне, зарэгістраваныя па-за межамі Эўразьвязу, павінны прапаноўваць у сваёй краіне тыя жа ступені і навучальныя праграмы, што і ў Вугоршчыне, і дзейнічаць пры гэтым у Вугоршчыне пад іншай назвай, чым у сваёй краіне. Акрамя таго, усе замежныя выкладчыкі абавязаныя па новым законе атрымліваць дазвол на працу ў Вугоршчыне.

З тых часоў ЦЭУ адкрыў некалькі навучальных праграм у ЗША, атрымаў адпаведныя акрэдытацыі і рэгістрацыі і падрыхтаваў новае пагадненьне з вугорскімі ўладамі (дзейнае заключана з мэрыяй Будапэшту). Вугорскія ўлады ня сталі яго падпісваць.

Канфлікт з ВНУ разгортваўся на фоне актыўнай антысорасаўскай кампаніі, разгорнутай уладамі Вугоршчыны. Прэм’ер-міністар Віктар Орбан, які абвясьціў у Вугоршчыне «нелібэральную дэмакратыю» і разглядае лібэрала Сораса як свайго ідэйнага ворага, выкарыстоўваў тыповыя для антысэміцкіх кампаній прыёмы, каб дыскрэдытаваць вугорскую апазыцыю. Орбан вінаваціць Сораса ў падтрымцы масавай міграцыі ў Эўразьвяз з мэтай зьнішчэньня хрысьціянскай культуры. Многія габрэйскія арганізацыі абвінавацілі вугорскія ўлады ў распальваньні антысэмітызму. Гэтыя ж абвінавачваньні высунуў і амбасадар Ізраіля ў Будапэшце, аднак прэмʼер-міністар Ізраіля Біньямін Нетаньяху, наадварот, падзякаваў Орбану за барацьбу з антысэмітызмам.

Вясной 2017 году па ўсім сьвеце прайшлі акцыі падтрымкі ЦЭУ. У Будапэшце ад 60 да 80 тысяч выйшлі на мітынг пад лёзунгам «Я люблю CEU». Празь некалькі месяцаў улады абмежавалі ў правах NGO, якія атрымліваюць замежнае фінансаваньне (многія зь іх атрымлівалі гранты ад заснаванага Сорасам фонду «Адкрытае грамадзтва»), крыміналізавалі дапамогу мігрантам і ўвялі крымінальную адказнасьць за бяздомнасьць. Пасьля гэтага ЭЗ запусьціў санкцыйную працэдуру супраць Вугоршчыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG