Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзьвюх абласьцях Украіны забаранілі расейскамоўную культуру ў публічнай прасторы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Так будзе «да поўнага спыненьня акупацыі Расейскай Фэдэрацыяй тэрыторыі Ўкраіны».

Дэпутаты Жытомірскай абласной рады 25 кастрычніка прынялі пастанову аб забароне на публічнае выкарыстаньне «культурнага прадукту» на расейскай мове, піша УНІАН. Раней падобную забарону прынялі ва Львоўскай вобласьці.

Забарона тычыцца не размоваў па-расейску ў публічных месцах, а дэманстрацыі фільмаў і прайграваньня музыкі, выступаў расейскіх актораў і іншага. Дэпутаты просяць абласныя адміністрацыі стварыць рабочыя групы для тлумачальнай працы зь фізычнымі і юрыдычнымі асобамі, а таксама зьбіраюцца распрацаваць законапраект для такога мараторыю па ўсёй Украіне.

Што на Львоўшчыне, што на Жытоміршчыне рашэньне прынятае «да поўнага спыненьня акупацыі Расейскай Фэдэрацыяй тэрыторыі Ўкраіны». Такімі тэрыторыямі ва Ўкраіне афіцыйна лічаць Крым, акупаваны Расеяй у 2014 годзе, і часам, неафіцыйна — тэрыторыі, падкантрольныя «ДНР» і «ЛНР».

Імаверна, забарона тычыцца і беларускіх фільмаў і песьняў, выкананых на расейскай мове — а некаторыя беларускія расейскамоўныя музычныя гурты ня раз выступалі на фэстах Львоўшчыны.

Што на Львоўшчыне, што на Жытоміршчыне ўкраінскай мовай карыстаюцца часьцей, чым па ўсёй Украіне: напрыклад, больш за 99% апытаных у гэтых абласьцях казалі, што валодаюць украінскай (па ўсёй краіне — толькі 89% паводле апытаньня 2014 году), больш за 99% школаў там з украінскай мовай навучаньня (па ўсёй краіне — 81,9% на 2012 год).

Забарона на паказ новых расейскіх фільмаў дзейнічае ва Ўкраіне зь вясны 2016 году — тады прэзыдэнт Пятро Парашэнка падпісаў указ, паводле якога на тэрыторыі Ўкраіны нельга публічна дэманстраваць расейскія стужкі, выпушчаныя пасьля 1 студзеня 2014 году, каб «абмежаваць любыя формы прапаганды, выкарыстаныя дзяржавай-акупантам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG