Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The New York Times: Кітай і Расея праслухоўваюць тэлефонныя размовы Трампа


Дональд Трумп.

Крыніцы газэты The New York Times сьцьвярджаюць, што прэзыдэнт працягвае выкарыстоўваць неабароненыя лініі сувязі, нягледзячы на папярэджаньні памочнікаў.

Калі прэзыдэнт Трамп тэлефануе сваім старым сябрам па адным з сваіх айфонаў, яго часта падслухоўваюць кітайскія шпіёны, сьведчаць дадзеныя амэрыканскай выведкі.

Аб гэтым піша газэта The New York Times.

Спасылаючыся на неназваных цяперашніх і былых амэрыканскіх чыноўнікаў, газэта адзначае, што памочнікі Трампа неаднаразова папярэджвалі яго, што яго званкі па сотавым тэлефоне не абароненыя. Яны таксама казалі яму, што расейскія шпіёны рэгулярна праслухоўваюць яго размовы.

Тым ня менш, паводле памочнікаў, прэзыдэнт па-ранейшаму не адмаўляецца ад сваіх айфонаў. Супрацоўнікі Белага дому кажуць, што яны могуць толькі спадзявацца, што ён ня будзе абмяркоўваць сакрэтную інфармацыю падчас такіх размоваў.

Паводле іх слоў, амэрыканская выведка высьветліла, што Кітай і Расея праслухоўваюць размовы прэзыдэнта па сотавым тэлефоне. Як піша The New York Times, пра гэта стала вядома дзякуючы крыніцам у замежных ўрадах і перахопе паведамленьняў, якімі абменьваліся замежныя чыноўнікі.

Крыніцы газэты паведамілі, што яны таксама высьветлілі, што Кітай спрабуе выкарыстаць інфармацыю зь перахопленых званкоў, каб прадухіліць далейшую эскаляцыю гандлёвай вайны з ЗША. Для гэтага яны спрабуюць вывучыць лад думак Трампа, зразумець, якія аргумэнты могуць паўплываць на яго і да каго ён схільны прыслухоўвацца, адзначае газэта.

Гэта можна разглядаць, як нейкае аб’яднаньне лабісцкай дзейнасьці і шпіянажу: кітайскі бок складае сьпіс людзей, з якімі Трамп рэгулярна кантактуе ў надзеі выкарыстоўваць іх для ўплыву на прэзыдэнта, сьцьвярджаюць крыніцы The New York Times.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG