Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, дзе сустрэнуцца прэзыдэнты ЗША і Расеі


Уладзімір Пуцін і Джон Болтан
Уладзімір Пуцін і Джон Болтан

Джон Болтан, дарадца па нацыянальнай бясьпецы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, даў у Маскве прэсавую канфэрэнцыю, на якой сказаў, што яго сустрэчы ў расейскай сталіцы былі «комплекснымі і дэталёвымі», уключаючы сустрэчы з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, кіраўніком міністэрства абароны Сяргеем Шайгу, кіраўніком МЗС Сяргеем Лаўровым і кіраўніком Рады бясьпекі Мікалаем Патрушавым.

Галоўнымі тэмамі сустрэчы Болтана з Пуціным быў сытуацыя вакол дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (ДРСМД), зь якой ЗША хочуць выйсьці, а таксама новая сустрэча прэзыдэнтаў РФ і ЗША.

Сустрэча Трампа з Пуціным

Пуцін прапанаваў правесьці сустрэчу з прэзыдэнтам Трампам ў Парыжы 11 лістапада, калі ў сталіцы Францыі пройдуць урачыстасьці з нагоды 100-годзьдзя заканчэньня Першай сусьветнай вайны.

«Вядома, было б карысным працягнуць прамы дыялёг і з прэзыдэнтам Злучаных Штатаў, перш за ўсё на палях міжнародных мерапрыемстваў, якія ў бліжэйшы час адбудуцца. Напрыклад, у Парыжы» — сказаў прэзыдэнт РФ.

Болтан пацьвердзіў, што гэтая сустрэча адбудзецца.

Паводле яго слоў, Крэмль і Вашынгтон таксама дамовіліся ўмацаваць і пашырыць каардынацыйныя дзеяньні ЗША і РФ у дачыненьні да Сырыі, а таксама бакі адновяць супрацоўніцтва ў сфэры процідзеяньня тэрарызму і барацьбе з гандлем людзьмі.

Таксама, паводле слоў Болтана, адновіць працу сумесная бізнэс-рады Расеі і ЗША. «Вялікая роля ў прыняцьці гэтага рашэньня адыграў пасол ЗША ў РФ Хантсман», — падкрэсьліў Болтан.

Умяшальніцтва ў выбары

«Мы таксама абмеркавалі пытаньне аб умяшаньні РФ у выбары ў ЗША, і што гэта ўмяшаньне не прынесла ніякіх вынікаў» — падкрэсьліў Болтан.

Дамова аб крылатых ракетах

«Мы таксама правялі дэталёвае абмеркаваньне пытаньня аб кантролі над пастаўкамі зброі і пытаньне аб выхадзе з дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (ДРСМД)» — пацьвердзіў Болтан. Паводле яго слоў, ЗША лічаць, што Расея парушае гэтую дамову, і ў сувязі з гэтым хоча зь яго выйсьці, у той жа час улады Расеі не згодныя з тым, што яны яго парушаюць.

Болтан падкрэсьліў, што пытаньне аб выхадзе з ДРСМД «паўстала ня сёньня, а ставілася яшчэ ў часы адміністрацыя Абамы ў 2015 годзе». У прыватнасьці, паводле Болтана, Расея тэставала крылатыя ракеты, якія трапляць пад дзеяньне дамовы, яшчэ ў 2008 годзе і спрабавала схаваць гэты факт. Пачынаючы з 2013 году, паводле яго слоў, ЗША Дзярждэпартамэнт паведамляў пра невыкананьне Расеяй дамовы аб ДРСМД.

«Гэта Расея сёньня разьмяшчае свае балістычныя ракеты, і пагрозай зьяўляецца не выхад ЗША з дамовы аб ДРСМД, а гэтыя ракеты» — падкрэсьліў Болтан.

*****

Пуцін заявіў Болтану перад сустрэчай, што на гербе ЗША ёсьць надпіс «Адзінства ў разнастайнасьці». «Таму, нягледзячы на розныя падыходы, можна і трэба шукаць гэтыя агульныя падыходы, мне так здаецца», — сказаў ён. Таксама ён заявіў, што ў белагаловага арлана на гербе ЗША ў кіпцюрах ня толькі стрэлы, але і аліўкавая галіна, сымбаль міру.

У перапынках паміж сустрэчамі ў Крамлі 23 кастрычніка Болтан усклаў вянок да месца забойства Барыса Нямцова: у 2015 годзе апазыцыйны палітык быў забіты на Вялікім Маскварэцкім мосьце побач са Спаскай вежай Крамля.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG