Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік NATO падтрымаў намер ЗША выйсьці з дамовы пра ракеты


Енс Столтэнбэрг.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг падтрымаў ЗША у пытаньні выхаду з дамовы з Расеяй аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасьці. Столтэнбэрг усклаў адказнасьць за гэта на Маскву.

Паводле слоў Столтэнбэрга, Вашынгтон цалкам выконвае пагадненьне, але яно ня можа быць эфэктыўным, пакуль яго парушае Расея. Столтэнбэрг дадаў, што, нягледзячы на дзеяньні Масквы, NATO не зьбіраецца павялічваць арсэнал ядзернай зброі ў Эўропе.

Кіраўнік NATO заявіў пра гэта перад пачаткам вайсковых вучэньняў «Адзіны трызубец 2018» — найбуйнейшых за апошнія 12 гадоў манэўраў, у якіх возьмуць удзел каля 50 тысяч вайскоўцаў з краін NATO. Столтэнбэрг адзначыў, што Паўночнаатлянтычны саюз не імкнецца да канфрантацыі, але гатовы абараніць сваіх саюзьнікаў ад любой пагрозы.

Раней аб намеры ЗША выйсьці з дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасьці заявіў прэзыдэнт краіны Дональд Трамп. Яго дарадца па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан напярэдадні правёў у Маскве перамовы на гэтую тэму. Крэмль заявіў, што адмаўляцца ад старога пагадненьня без пачатку перамоў аб новым — вельмі небясьпечна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG