Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запатрабаваў 2,5 года калёніі-пасяленьня абвінавачанаму ў гібелі салдата

Дзьмітры Ўдод, які загінуў на палігоне 4 красавіка. Здымак 2017 году
Дзьмітры Ўдод, які загінуў на палігоне 4 красавіка. Здымак 2017 году

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў прызначыць сяржанту Сяргею Крупу з 120-й асобнай мэханізаванай брыгады, які праходзіць абвінавачаным у справе аб гібелі салдата тэрміновай службы Дзьмітрыя Ўдода, 2 гады 6 месяцаў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі-пасяленьні, паведамляе БелТА.

Вайсковец абвінавачваецца ў парушэньні правілаў абыходжаньня са зброяй, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека. Сваю віну Сяргей Крупа прызнаў цалкам. Ад адваката на судзе ён адмовіўся.

Што здарылася на палігоне

Трагедыя адбылася 4 красавіка на палігоне непадалёк ад мікрараёну Ўручча пад Менскам. Падчас баявых заняткаў загінуў салдат Дзьмітры Ўдод, мэханік-кіроўца баявой машыны пяхоты, зь якой адпрацоўвалася стральба па мішэні з танкавага кулямёта Калашнікава.

Абвінавачаны, сяржант Сяргей Крупа, служыў апэратарам-наводчыкам на БПМ, якую вадзіў загінулы Дзьмітры Ўдод. Паводле Сяргея Крупы, стрэльбы 4 красавіка меліся прайсьці ў тры этапы, падчас якіх адпрацоўвалася ня толькі трапнасьць стральбы з кулямёта, але і хуткасьць, зь якой экіпаж разьмяшчаўся ў БМП і пакідаў машыну.

«Адстраляўшы стужку, наводчык павінен праверыць, ці не засталося ў кулямёце патронаў, паставіць кулямёт на засьцерагальнік, падняць угару ствол, далажыць камандзіру БМП, што стральба скончана», — расказаў суду сяржант Сяргей Крупа.

Так мусіла быць, але ў рэчаіснасьці гэты парадак аказаўся шмат дзе парушаны. У выніку перад чарговай стральбой пры зарадцы кулямёта той раптам стрэліў. Куля прайшла скрозь плячо і трапіла ў галаву мэханіка-кіроўцы Ўдода, які ў той момант займаў сваё месца ў БМП. Адзін стрэл стаў сьмяротным.

Дзьмітры Ўдод падчас навучаньня на мэханіка-кіроўцу служыў разам з Аляксандрам Коржычам у Печах і праходзіў як пацярпелы ў справе Коржыча. Аднак вэрсія пра датычнасьць сьмерці Дзьмітрыя Ўдода да справы Аляксандра Коржыча пацьверджаньня не знайшла.

XS
SM
MD
LG