Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя выбары ў Польшчы: партыя Качыньскага пагоршыла свае пазыцыі


Ілюстрацыйнае фота. На выбарчым участку ў Польшчы падчас галасаваньня
Ілюстрацыйнае фота. На выбарчым участку ў Польшчы падчас галасаваньня

У Польшчы правая партыя «Права і справядлівасьць» («ПіС»), якая кіруе ў краіне, атрымала найбольшую колькасьць галасоў у мясцовых выбарах, у прыватнасьці ў складзе сеймікаў (рэгіянальных радаў) ваяводзтваў краіны, але яе падтрымка зьменшылася ў параўнаньні з парлямэнцкімі выбарамі 2015 году — пра гэта сьведчаць вынікі апытаньняў на выхадзе з участкаў.

21 кастрычніка ў Польшчы выбіралі ўсе ўзроўні ўлады: дэпутатаў сеймікаў і ваяводаў (кіраўнікоў рэгіёнаў) у ваяводзтвах, дэпутатаў радаў і старастаў паветаў, дэпутатаў радаў і кіраўнікоў адміністрацый населеных пунктаў (прэзыдэнтаў буйных гарадоў, бурмістраў меншых гарадоў, войтаў сёлаў), а ў сталіцы Варшаве і дэпутатаў радаў, і бурмістраў гарадзкіх участкаў (раёнаў).

У прыватнасьці, паводле апытаньняў, «ПіС» прайграла барацьбу за пасаду прэзыдэнта (мэра) Варшавы, дзе 54 адсоткі галасоў набірае праэўрапейскі цэнтрыст Рафал Тшаскоўскі з партыі «Грамадзянская платформа». Калі гэтыя дадзеныя пацьвердзяцца, другога туру ў барацьбе за гэтую пасаду ня будзе.

У сэйміках ваяводзтваў «ПіС» набірае ў сярэднім 32,3 адсотка, што менш за 37,6 % на парлямэнцкіх выбарах 2015 году. Кааліцыя цэнтрысцкіх апазыцыйных партый, паводле апытаньняў, павінна атрымаць 24,7 % галасоў. Між тым некаторыя апытаньні напярэдадні выбараў сьведчылі аб падтрымцы «ПіС» на ўзроўні больш за 40 %.

Аднак лідэр «ПіС» Яраслаў Качыньскі назваў такі вынік добрым і добрым знакам на будучыню.

Большасьць буйных гарадоў — уключаючы Варшаву, Познань, Кракаў, Вроцлаў і Гданьск — застаюцца пераважна праэўрапейскімі ў перавагах сваіх выбарнікаў, «ПіС» мае падтрымку ў асноўным у сельскай мясцовасьці.

Цяперашнія выбары сталі першым агульнадзяржаўным выпрабаваньнем антыэўрапейскай і антыдэмакратычнай палітыкі «ПіС». Некаторыя камэнтатары мяркуюць, што ў многіх месцах гэтая партыя, нягледзячы на фармальную перамогу, ня зможа сабраць сабе большасьць без перамоваў з цяперашняй апазыцыяй.

Яўка на выбары склала ў сярэднім 51,3 %. Вынікі падліку галасоў будуць вядомыя сярод наступнага тыдня і могуць быць іншыя, чым зьвесткі апытаньняў. У тых акругах, дзе ніводзін кандыдат не атрымаў больш за 50 % галасоў у першым туры выбараў, другі адбудзецца 4 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG