Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Навумчык прэзэнтаваў кнігу «Дзевяноста трэці» ў родным Віцебску


Сяргей Навумчык

Дзяцінства і юнацтва Сяргея Навумчыка, журналіста і аўтара новай кнігі «Бібліятэкі Свабоды», прайшло якраз у Віцебску. Тут ён працаваў у абласной газэце і займаўся грамадзкай дзейнасьцю. Таму знаёмства віцебскіх чытачоў з кнігай «Дзевяноста трэці» аўтар падкрэсьлена называе не прэзэнтацыяй, а сяброўскай сустрэчай з даўнімі і новымі знаёмымі.

Сустрэча ў «Торвальдзе»
Сустрэча ў «Торвальдзе»

Пра сустрэчу зь віцебскімі чытачамі шырока не абвяшчалася, але ў арт-пабе «Торвальд» сабралася шмат старых сяброў Сяргея, якія зналі яго задоўга да пераезду ў Прагу. Гэтым разам у Віцебск Сяргей прыехаў з жонкай Галінай, прыйшла яна і на сустрэчу зь віцяблянамі. Былі і бацькі Сяргея, Ёсіф Адамавіч і Роза Ягораўна — яны заўжды падтрымліваюць сына ў творчасьці і падзяляюць ягоныя погляды.

Сустрэча пачалося з аўтографаў
Сустрэча пачалося з аўтографаў

Сустрэча пачалася нетрадыцыйна: з таго, чым падобныя імпрэзы традыцыйна сканчаюцца — з аўтографаў на новай кнізе, якую аўтар падараваў кожнаму з прысутных. Абдымкі, гарачыя поціскі рук — усё было ў гэты вечар, калі сустракаліся старыя сябры.

Сяргей Навумчык распавёў пра гісторыю стварэньня кнігі — пятага тому хронікі новай беларускай дзяржаўнасьці канца ХХ стагодзьдзя. Папярэднія кнігі цыклю — «Дзевяноста першы», «Дзевяноста чацьверты», «Дзевяноста пяты» і «Дзевяноста другі» — таксама былі прадстаўленыя віцебскім чытачам. Аўтар падкрэсьліў, што ўсе яны выйшлі ў «Бібліятэцы Свабоды» і іх можна спампаваць, калі хто ня мае друкаванага асобніка.

Паводле Сяргея Навумчыка, у кнізе апісваецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, вакол энэргетычнай незалежнасьці і ўвядзеньня прэзыдэнцтва, гаворыцца пра здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, пра галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды. Аўтар, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995), быў непасрэдным удзельнікам гэтых падзей.

Маці Сяргея Навумчыка Роза Рыгораўна
Маці Сяргея Навумчыка Роза Рыгораўна

Спадар Навумчык падкрэсьліў, што менавіта ў 1993 годзе прагучала «векапомная» фраза Аляксандра Лукашэнкі: «Я гатовы на каленях паўзьці ў Расею». Гэтыя словы сталі практычна дзяржаўным курсам на некалькі наступных гадоў, і такі вэктар міжнародных стасункаў у значнай ступені захоўваецца і да сёньня.

Гаворачы пра наўмысную русыфікацыю Беларусі і наступ «русского мира», Сяргей Навумчык згадаў, што некалькі старонак кнігі прысьвечаныя віцебскім падзеям. У прыватнасьці, антынацыянальнай пазыцыі гарадзкой газэты «Віцьбічы», якая друкавала матэрыялы, дзе зьневажалася беларуская мова, літаратура, нацыянальная ідэнтычнасьць.

Удзельнікі сустрэчы. У цэнтры — Ёсіф Адамавіч Навумчык
Удзельнікі сустрэчы. У цэнтры — Ёсіф Адамавіч Навумчык

Аўтар мяркуе, што і зададзены ў 1993-м курс «паўзьці ў Расею», і некаторыя іншыя палітычныя і грамадзкія падзеі таго часу былі вызначальнымі і для цяперашняй Беларусі.

Віцебскім чытачам Сяргей Навумчык прызнаўся, што мае пляны напісаць сама меней яшчэ дзьве кнігі з гэтага цыклю — пра 1990 і 1996 гады.

Напрыканцы сустрэчы ў яго спыталіся, ці лічыць ён пачатак 90-х, і 1993 год у прыватнасьці, шчасьлівымі гадамі, бо гэта было станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці. Тут аўтар прыгадаў эпіграф да кнігі «Дзевяноста трэці» — цытату з практычна аднайменнага раману Віктора Гюго «Дзевяноста трэці год»: «Усё было страшна, але ніхто ня ведаў страху». Сяргей Навумчык удакладніў, крыху перафразаваўшы гэтыя словы, што было цяжка, але было й цікава. Такой і павінна быць гісторыя, вартая ўвасабленьня ў кнігах.

Усе кнігі цыклю ў PDF:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG