Дзяржаўная дума Расеі на пленарным пасяджэньні 18 кастрычніка прыняла заяву, у якой асуджае Кіеў за памкненьне стварыць адзіную памесную праваслаўную царкву ва Ўкраіне.
Агенцтва «РИА Новости» паведамляе, што ў заяве гаворыцца аб «арганізатарах дзяржаўнага перавароту на Ўкраіне ў 2014 годзе», якія «груба ўмешваюцца ў царкоўна-рэлігійныя пытаньні, дамагаючыся стварэньня так званай адзінай памеснай царквы».
На думку Дзярждумы, іх мэта — разбурыць сапраўдную Праваслаўную царкву, легалізаваць падтрымоўваных украінскай дзяржавай раскольнікаў і «асьвяціць» зь іх дапамогай працяг вайны супраць рускіх і рускамоўных на ўсходзе Ўкраіны.
У заяве Дзярждумы таксама адзначаецца, што дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны прымаюць законы, накіраваныя супраць рускай мовы, рускамоўных грамадзян і адносін з Расеяй.
Заява адзначае, што ў пералічаных «ганебных дзеяньнях» на баку Ўкраіны выступаюць заходнія спонсары і натхняльнікі.
«Дзяржаўная дума зьвяртае ўвагу на дзеяньні Злучаных Штатаў Амэрыкі і іншых краін NATO, якія, падаючы Ўкраіне зброю і заахвочваючы яе антырасейскую палітыку, наўпрост штурхаюць улады Ўкраіны да агрэсіўных дзеяньняў супраць уласнага народу, да міжнацыянальных і міжканфэсійных канфліктаў», — гаворыцца ў заяве.