Падсудных узялі пад варту ў залі суду. Але прысуды яшчэ не набылі законнай сілы і могуць быць абскарджаныя.
Берасьцейскі абласны суд абвясьціў 18 кастрычніка прысуд чыноўнікам «Брэстэнэрга» ў справе аб выбуху на Лунінецкай ЦЭЦ у 2014 годзе, піша Tut.by.
Генэральнага дырэктара «Брэстэнэрга» Сяргея Лявонаўца і ягонага першага намесьніка Сяргея Машковіча, які раней быў галоўным інжынэрам «Брэстэнэрга», прызналі вінаватымі ў наўмысным дзеяньні насуперак службовым абавязкам з карысьлівай або іншай зацікаўленасьці, якое пацягнула цяжкія наступствы прызначылі ім пакараньне ў 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці, з пазбаўленьнем права займаць распарадчыя пасады ў энэргетыцы на 5 гадоў.
Намесьніка галоўнага інжынэра па цеплатэхнічнай частцы «Брэстэнэрга» Аляксандра Рабчынскага прызналі вінаватым паводле таго ж артыкулу, а таксама вінаватым у службовым падлогу, пакаралі 2 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі, з пазбаўленьнем права займаць распарадчыя пасады на 4 гады, а таксама годам папраўчых працаў.
Рабчынскага, а таксама намесьніка Лявонаўца па капітальным будаўніцтве Аляксея Ўласава вызвалілі ад пакараньня за службовы падлог (кожнаму па году папраўчых работ) праз заканчэньне тэрміну даўніны. Лявонаўца апраўдалі ў абвінавачваньні за бязьдзеяньне празь недаказанасьць.
У выбуху 26 жніўня 2014 году на Лунінецкай ЦЭЦ загінуў адзін рабочы, два атрымалі цялесныя пашкоджаньні. Матэрыяльную шкоду тады ацанілі ў суму, эквівалентную амаль 2,1 млн даляраў.
Будаўніцтва ЦЭЦ пачалося ў 2012 годзе, але адставала ад графіку, таму «быў ужыты аўральны рэжым працы». Паводле абвінавачваньня, разам з тым ігнараваліся патрабаваньні нарматыўна-тэхнічнай дакумэнтацыі, пропускі, парушэньні пасьлядоўнасьці этапаў работаў, але абвінавачаныя дакладалі, што ўсё ідзе паводле плянаў.
Яны, сьцьвярджала абвінавачваньне, ведалі, што кацёл, які выбухнуў, ня быў абсталяваны сродкамі аўтаматызацыі і належнай абаронай, але давалі абавязак яго тапіць у ручным рэжыме ў парушэньне тэхнікі бясьпекі.