Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Артэфакт з эпохі беларусізацыі»: у Магілёве прадпрымальнікі ўратавалі магілу 20-х гадоў


Надмагільле настаўніка Цімашэнкі

У Магілёве ўпарадкавалі магілу настаўніка, які ў 1920-я гады вучыў дзяцей па-беларуску. Надмагільную пліту адрэстаўравалі, паставілі агароджу. Грошы на гэта ахвяравалі прадпрымальнікі.

Улада: зьвестак пра пахаванага няма

Пра 24-гадовага настаўніка, які памёр у 1926 годзе, вядома толькі тое, што напісана на надмагільлі. Ягонае прозьвішча Цімашэнка, ініцыялы — Ц. С., настаўнічаў ён у мясцовай сямігадовай магілёўскай школе № 2, нарадзіўся ў 1902-м. Надпіс на надмагільлі — на беларускай мове.

Магіла Цімашэнкі — на Карабанаўскіх кладах Магілёву. Натрапілі на яе выпадкова, калі шукалі брацкія пахаваньні магілёўцаў, што загінулі ў траўні 1943 году — тады горад бамбавала савецкая авіяцыя. Магіла была ўся ў кустоўі ды апалай лістоце. Пасьля звароту ў прадпрыемства па абслугоўваньні насельніцтва магілу прыбіралі.

Звароты ва ўпраўленьне адукацыі і аддзел ідэалягічнай працы Магілёўскага гарвыканкаму, каб там паспрыялі з упарадкаваньнем магілы Цімашэнкі, не далі плёну. Адтуль адпісалі, што зьвестак пра пахаванага няма. З магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова паведамілі тое самае: у архіве пра настаўніка няма ніякіх згадак.

Каб ня зьнік артэфакт беларусізацыі

Па ўступленьні ў сілу новай рэдакцыі закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе», прынятай у 2015 годзе, над магілай Цімашэнкі навісла пагроза дэмантажу. Новыя нормы закону даюць дзяржаўным спэцыялізаваным арганізацыям такое права, «калі ступень разбуранасьці выключае рамонт і аднаўленьне». Шыльдачкі з патрабаваньнем «навесьці парадак» разьвешаныя на ўсіх гарадзкіх кладах. Каб уратаваць магілу, група актывістаў пастанавіла абгарадзіць яе і адрэстаўраваць пліту. Да гэтай справы спрычыніліся 11 бізнэсоўцаў.

«Беларус мае рупіцца пра беларускае, — кажа пра свой удзел у талацэ саўладальнік магілёўскай кавярні «Шпаркі лось» Вадзім Бабкоў.

Упарадкаваная магіла, кажа ён, будзе візуальна ўплываць на наведнікаў кладоў. «Учора пахаваньне было закінутае, — тлумачыць бізнэсовец, — а сёньня выглядае дагледжаным. Для людзей гэта знак таго, што беларушчына неўміручая».

Бізнэсовец: калі забудзем вытокі — у будучыні нічога добрага не чакае

Настаўнік Цімашэнка вучыў дзяцей на беларускай мове нядоўга. Беларускія школы ў Магілёве пачалі адкрываць ад 1924 году. Тады ўрад Савецкай Расеі вярнуў Беларусі Магілёў у рамках гэтак званага паэтапнага ўзбуйненьня БССР. Ля вытокаў беларусізацыі і стаяў Цімашэнка. Мова надпісу на надмагільлі дазваляе меркаваць, што тыя, хто хаваў настаўніка, былі таксама адданыя ідэі беларусізацыі.

«Гэта ж наша агульная памяць, — тлумачыць свой удзел у талацэ прадпрымальнік Валер Вярбіцкі. — З такіх „дробязяў“ фармуецца бачаньне таго, хто мы. Калі мы забудзем свае вытокі, то нас нічога добрага ў будучыні не чакае».

Рэстаўратар: я дакрануўся да гісторыі

Рэстаўраваў надмагільную пліту адмысловец у галіне рытуальных паслуг Мікола Фяско. У 2009 годзе ён вырабіў помнік на магілу актывісткі «Мартыралёгу Беларусі» Тамары Раманьковай. У працы над надмагільлем Цімашэнкі Мікола стараўся максымальна захаваць яе аўтэнтычнасьць.

«Для мяне было гонарам рэстаўраваць надмагільле з надпісам па-беларуску, і якому да таго ж 90 гадоў, — кажа ён. — Ня часта цяпер пабачыш беларускую мову на пахавальных помніках, а тут такі артэфакт з эпохі беларусізацыі. Гэта ж гісторыя, і я да яе дакрануўся».

Пасьля рэстаўрацыі пліту вярнулі на месца 15 кастрычніка, і тады ж калегі Міколы Фяско абгарадзілі магілу. 17 кастрычніка агароджу пафарбавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG