Паводле зьвестак Белстату, у студзені — жніўні 2018 году рэальныя даходы беларусаў павялічыліся на 7,8% у параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам.
У студзені-ліпені гэтая лічба складала 7,7%.
У агульным аб’ёме грашовых даходаў
- заробак займае 64,2%;
- пэнсіі, стыпэндыі і іншая грашовая дапамога — 23,4%;
- даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасьці — 8%;
- даходы ад уласнасьці і іншае — 4,4%.
Сёлета ў жніўні намінальны налічаны сярэдні заробак склаў 987,5 рубля, рэальны заробак у параўнаньні з чэрвенем 2017 году павялічыўся на 11%.
Сёлета Савет міністраў прагназуе павелічэньне рэальных даходаў насельніцтва на 3,2%. За 2017 год рэальны грашовы даход насельніцтва павялічыўся на 2,4%, пры гэтым у 2016 годзе даходы насельніцтва ўпалі на 6,9%.
Аляксандар Лукашэнка больш за 10 гадоў абяцае, што сярэдні заробак беларусаў перавысіць 500 даляраў (апошнім часам — 1000 рублёў). У сьнежні 2017 году сярэдні заробак дасягнуў 995,3 рубля, але ў студзені 2018-га рэзка ўпаў — да 859 рублёў. Пры гэтым мэдыянны заробак (не сярэдняе арытмэтычнае ад сумы ўсіх заробкаў, а заробак сярэднестатыстычнага беларуса) складаў на лістапад 2017 году 635,4 рубля.
На пачатку сакавіка Аляксандар Лукашэнка абураўся, што людзі мусяць выжываць на 300 рублёў у месяц, а гэта «практычна немагчыма». Адказнасьць за заробкі ён усклаў на старшыняў райвыканкамаў.