Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску ставяць «помнік дэсантніку» за грошы з суботнікаў. ФОТА


Увесь комплекс — скульптура байца паветрана-дэсантных войскаў, памятны знак у форме парашута з дэвізам «Никто, кроме нас» і двума барэльефамі, а таксама каляровая выява блакітнага бэрэта на дэкаратыўным валуне — каштаваў больш за 100 тысяч даляраў.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, гэта небюджэтныя сродкі — грошы, заробленыя віцяблянамі на чарговых і нечарговых суботніках.

Ініцыятыва «грамадзкасьці»

Ідэя паставіць помнік дэсантніку ў парку Пераможцаў на вуліцы Калініна належыць вэтэранскім арганізацыям — пра гэта два гады таму паведамілі афіцыйныя СМІ. Неабходнасьць такога помніка тлумачылі «гістарычнай праўдай» — тым, што ў Віцебску ў савецкі час базавалася 103-я паветрана-дэсантная дывізія, воіны якой першымі ўвайшлі ў Аўганістан, а цяпер тут месьціцца 103-я асобная мабільная брыгада.

Скульптар Іван Казак
Скульптар Іван Казак

Аўтар помніка — Іван Казак, вядомы віцебскі скульптар. Паводле ягонай задумы, трохмэтровы бронзавы дэсантнік толькі што прызямліўся: ён яшчэ не адчапіў парашута, але ў яго на галаве ўжо ня шлем для скачкоў, а знакаміты блакітны бэрэт. Выява парашута — гэта асобны элемэнт кампазыцыі, які мае два барэльефы — генэрала Васіля Маргелава, чыё імя зьвязана з гісторыяй паветрана-дэсантных войскаў у часы СССР, і ўраджэнца Віцебску генэрала-лейтэнанта Івана Лісава.

«Парашут» з сылюміну
«Парашут» з сылюміну

Зьяўленьня помніка чакалі яшчэ ўлетку

Улады папярэджваюць, што 17 кастрычніка падчас адкрыцьця помніка вуліца Калініна будзе перакрыта для транспартнага руху на дзьве гадзіны.

Увогуле ж адкрыцьцё помніка дэсантніку анансавалася і на ліпень 2018 году, і на 2-га жніўня — Дзень ПДВ. Але ўсё адклалася аж да восені, бо бракавала сродкаў на добраўпарадкаваньне пляцовак для помніка ў парку Пераможцаў.

Побач з помнікам — стылізаваная агароджа
Побач з помнікам — стылізаваная агароджа

Кошт добраўпарадкаваньня склаў 77 935 рублёў, выраб, транспартаваньне і ўстаноўка скульптурнай групы абышліся ў 138 983 рублі 18 капеек, зь іх 41 208 рублёў — ганарар скульптара, падлічыў сайт «Народныя навіны Віцебска».

«Скульптурны бум» у Віцебску

​Помнік дэсантніку — гэта ўжо другая скульптура Івана Казака, пастаўленая сёлета ў Віцебску. Улетку на вуліцы Суворава быў урачыста адкрыты памятны знак «Віцебскі волат» у гонар тутэйшага ўраджэнца Фёдара Махнова; яго таксама зрабіў Іван Казак.

Усталяваньне скульптуры Фёдару Махнову ў Віцебску, 20 чэрвеня 2018 году
Усталяваньне скульптуры Фёдару Махнову ў Віцебску, 20 чэрвеня 2018 году

Сярод работ віцебскага скульптара — кампазыцыя ў памяць пра воінаў-інтэрнацыяналістаў, помнік Уладзімеру Караткевічу і памятны знак Аляксандру Пушкіну, некалькі твораў у жанры гарадзкой скульптуры: «Доктар Айбаліт», «Вулічны клоўн», «Кандуктар». І «Залатая рыбка» — скульптурная выява, якая спарадзіла ў горадзе спрэчкі пра мастацкія вартасьці помнікаў апошняга часу.

У Віцебску апошнімі гадамі назіраецца «скульптурны бум», але некаторыя лічаць, што скульптурныя выявы, якія ня маюць дачыненьня да гісторыі гораду, толькі псуюць аблічча абласнога цэнтру, і што грошы, якія трацяцца на гэта, варта выкарыстоўваць на больш неабходныя аб’екты. Улады настойваюць, што гораду неабходны як мінімум яшчэ адзін помнік — княгіні Вользе, якая нібыта заснавала Віцебск. Некаторыя навукоўцы аспрэчваюць гэты факт, шмат хто з жыхароў лічыць непатрэбным ушаноўваць «чужую» для гораду княгіню, але пра ўстаноўку гэтага помніка вядзецца ўжо, як пра вырашаную справу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG