Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятаслава Барановіча, асуджанага за бойку зь міліцыянтамі, чакае новы суд


Сьвятаслаў Барановіч (архіўнае фота)

У судзе Новаполацка 12-га кастрычніка разгледзяць справу былога палітвязьня Святаслава Барановіча, асуджанага сёлета за напад на міліцыянта падчас леташняга «шэсьця недармаедаў» у Менску, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паседжаньне пройдзе ў закрытым рэжыме, паколькі адбудзецца на тэрыторыі папраўчай калёніі № 1 Новаполацку, дзе ён адбывае пакараньне. Суд будзе вырашаць пытаньне аб зьмене рэжыму адбыцьця пакараньня Барановічам на больш жорсткі.

У апошні час адміністрацыя калёніі наклала на Барановіча каля 9 дысцыплінарных спагнаньняў, а паводле зьвестак, якія атрымала адна зь ягоных сясьцёр, апошні месяц вязень правеў у карцэры.

Праваабаронцам стала вядома, што сястра Барановіча перастала атрымліваць лісты ад брата яшчэ ў ліпені. Яе звароты у дэпартамэнт выкананьня пакараньняў наконт адсутнасьці лістоў былі безвыніковымі. Пра тое, што над братам адбудзецца суд, сястра даведалася толькі дзякуючы таму, што Барановіч 5 кастрычніка запатрабаваў адваката, у выніку чаго судовае паседжаньне было перанесена на 12 кастрычніка.

Хто такі Святаслаў Барановіч і за што ён асуджаны

Святаслаў Барановіч — прадпрымальнік, займаецца будаўнічым бізнэсам.

Ён адзін з пакараных удзельнікаў акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году ў Менску (Плошча-2010). Быў затрыманы ў крымінальнай справе аб «масавых беспарадках», аднак ня ў першыя дні альбо тыдні, а ажно 15 чэрвеня 2011 году. Фактычна на той час крымінальная справа была ўжо закрытая і па ёй прайшлі дзясяткі судоў. Тады Барановічу прысудзілі 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу.

15 сакавіка 2017 году, калі ў Менску праходзіў «Марш недармаедаў», Барановіча зноў затрымалі. Паводле сьледзтва, ён «ня менш за 4 разы» ўдарыў міліцыянта па галаве і шыі на прыпынку каля плошчы Бангалор пасьля завяршэньня акцыі.

Тады пасьля «Маршу недармаедаў» сілавікі ў цывільным адзеньні спрабавалі затрымаць групу анархістаў у масках, калі тыя садзіліся ў тралейбус, каб зьехаць зь месца правядзеньня акцыі. Узьнікла бойка, пасьля якой на іншых прыпынках некаторых яе удзельнікаў міліцыя затрымала, ім прысудзілі адміністрацыйныя арышты.

Барановіча затрымалі на пачатку кастрычніка 2017 году, яму было прад’яўлена абвінавачваньне ва ўжываньні гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэксу).

12 сакавіка Барановіча асудзілі на на 3 гады пазбаўленьня волі. Ён абскардзіў прысуд, але 4 траўня калегія Менгарсуду пакінула касацыйную скаргу без задавальненьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG