Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі: ці хочам мы ў такую Эўропу?


Алесь Бяляцкі

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі сёлета браў удзел у традыцыйнай праскай канфэрэнцыі «Форум-2000», міжнародным зборы грамадзкіх дзеячоў, палітыкаў і інтэлектуалаў. Свабода пацікавілася ў яго, як, на яго погляд, мяняецца праваабарончы кантэкст у сьвеце і ў Эўропе.

— Ці мяняецца бачаньне праблемы правоў чалавека заходняй супольнасьцю? Магчыма, яно мяняецца пад уплывам зьмены палітыкі ЗША пасьля прыходу да ўлады Дональда Трампа. Дарэчы, менавіта Трамп прыняў рашэньне аб выхадзе Амэрыкі з Рады правоў чалавека ААН. Гэтае рашэньне было абгрунтаванае тым, што, з гледзішча Вашынгтону, Рада недастаткова рашуча адстойвала правы чалавека ў сьвеце. А як бы вы ацанілі цяперашнюю гатовасьць найперш заходняга сьвету змагацца за правы чалавека ва ўсім сьвеце, у тым ліку Беларусі?

— У структуру ААН уваходзяць самыя розныя краіны з самымі разнастайнымі дзяржаўнымі парадкамі: ад жахлівых дыктатураў да дэмакратычных дзяржаваў. Структуры ААН не бываюць «чыстымі», каб там былі прадстаўленыя толькі дэмакратычныя краіны.

Заўсёды там былі прадстаўленыя краіны вельмі далёкія ад дэмакратыі. Я лічу, што ЗША ня варта было выходзіць з Рады правоў чалавека ААН, гэта аслабіла Раду. Дэмакратычныя краіны там заўсёды былі ў большасьці, і заўсёды можна было вырашаць пытаньні па праблемных краінах.

Што тычыцца Беларусі, то было прынятае рашэньне пра адмысловага дакладчыка па Беларусі, і Рада, і Генэральная асамблея ААН прымалі рашэньні па Беларусі. Іх даволі шмат, і яны вельмі важныя для нас.

Беларусь не ўваходзіць у іншыя міжнародныя структуры, такія як Рада Эўропы, якая ўважліва займаецца правамі чалавека. Для нас ААН — гэта адна зь нешматлікіх інстытуцыяў, якая дае больш-менш абʼектыўную ацэнку сытуацыі ў Беларусі.

Дэмакратычныя краіны, якія бяруць удзел у абмеркаваньні, спрабуюць уплываць дыпляматычнымі сродкамі на сытуацыю ў Беларусі, абмяжоўваюць пэўныя грымасы беларускай таталітарнай сыстэмы.

Інакш зусім па-іншаму складалася б і сытуацыя з палітычнымі зьняволенымі, і колькасьць іх была б зусім іншай. Гэта забясьпечвае і тыя свабоды, на якія мы цяпер нават не зважаем — гэта свабода ў інтэрнэце, свабода перасоўваньня за межы Беларусі. Гэта тое, з чым мы звыкліся.

— А можна ж і гэта адабраць. Некалькі гадоў таму ўвялі забарону на выезд за мяжу для шэрагу палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў.

— Так, можна і гэта адабраць. Мы памятаем, як гэта было ў СССР. Я першы раз трапіў за мяжу, калі мне было 30 гадоў.

Вяртаючыся да палітыкі ў межах ААН, варта сказаць, што яна вельмі складаная і патрабуе пэўных кампрамісаў і цярпеньня. Там нельга хутка вырашыць праблемы з правамі чалавека ў розных краінах, у тым ліку і ў Беларусі. Што тычыцца ацэнкі сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, то яна па вялікім рахунку застаецца абʼектыўнай і ўзважанай. Тое, што ўвесь час працягваюць мандат адмысловага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі — гэта таксама важны чыньнік.

— Якога афіцыйны Менск гэтак жа рэгулярна не прызнае.

— Ну і няхай. Але яны справаздачы дакладчыка чытаюць, спрабуюць уплываць на яго. Мы, праваабаронцы, у хуткім часе будзем сустракацца з новай дакладчыцай Анаіс Марэн. Мы прадставім ёй неабходную інфармацыю, якая ёй спатрэбіцца, нават калі яе ня будуць пускаць у Беларусь. Хаця можа і будуць пускаць. Летась цяперашні дакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасьці прыехаў жа ў Менск падчас правядзеньня сэсіі ПА АБСЭ.

Ён прыехаў тады як прыватная асоба. Але ён у любым выпадку не прыватная асоба, нават калі прыяжджае ў гэтай якасьці.

Мы, беларускія праваабаронцы, рыхтуем даклады па самых розных пытаньнях, штогод мы наведваем кабінэты ў Жэнэве, у Камітэце правоў чалавека ААН.

— Ну а калі казаць шырэй — як мяняецца праваабарончы кантэкст у цэлым?

— Што тычыцца наагул зьмены акцэнтаў у філязофіі правоў чалавека — гэтае пытаньне, у прыватнасьці, абмяркоўвалася на сёлетнім «Форуме-2000» у Празе. Там сабралася некалькі соцень праваабаронцаў, грамадзкіх актывістаў, інтэлектуалаў, якія абмяркоўвалі, «куды коціцца наш сьвет».

Зразумела, усе ўстрывожаныя. Апошнія гады паказалі, што адбываецца пэўная рэінкарнацыя расейскага імпэрыялізму. Ёсьць і глябальныя праблемы, зьвязаныя з тэрарыстычнымі структурамі, якія стварылі нават квазідзяржаўныя ўтварэньні, зь мільёнамі ўцекачоў, якія зьявіліся ў выніку грамадзянскіх войнаў, у прыватнасьці, у Сырыі.

Гэтыя праблемы вельмі моцна ўплываюць на грамадзянаў эўрапейскіх краінаў, на іх сьвядомасьць. І падымаюцца далёка ня самыя лепшыя інстынкты, калі ўмацоўваецца ізаляцыянізм, які разбурае самую ідэю Эўразьвязу, Эўропы бязь межаў, Эўропы мірнай і спакойнай, дзе паважаюцца ўсе народы, усе людзі.

Гэтая канцэпцыя цяпер пад атакай, і ня толькі з боку крайне правых груповак, але ў некаторых краінах — і з боку палітычных сілаў, якія ўжо прыйшлі да ўлады, асабліва ў краінах Цэнтральнай Эўропы. Разуменьне Эўропы гэтымі сіламі адрозьніваецца ад разуменьня Эўропы, якое закладалася пры стварэньні Эўразьвязу.

Гэта цяпер вялікі выклік і для нас таксама. Нашыя партнэры, калегі ў такіх краінах, як Вугоршчына, Славаччына, Польшча, сутыкаюцца зь вялікімі цяжкасьцямі, яны апынаюцца пад агнём крытыкі, і гэта часам нагадвае нашую сытуацыю. Улады гэтых краінаў часам выкарыстоўваюць супраць праваабаронцаў тыя самыя аргумэнты, якія беларускія ўлады выкарыстоўваюць супраць нас.

Гэта выклік, бо цяпер з афіцыйных трыбунаў у шэрагу краінаў Цэнтральнай Эўропы гучаць словы, якія раней было сорамна казаць. Яны спрабуюць адгарадзіцца, засвоіць спадчыну, якая засталася ад генацыду, які праводзілі спачатку нацысты, а потым камуністы. Гэтая новая правая ідэалёгія шмат у чым будуецца на гэтай спадчыне.

І гэтая ксэнафобія распаўсюджваецца і на побытавы ўзровень, гэта бачна па стаўленьні да тых самых украінцаў, якія спрабуюць знайсьці лепшай долі ў краінах Цэнтральнай Эўропы. Гэтае стаўленьне далёка не нармальнае. Шмат дзе іх за людзей ня лічаць. Беларусаў гэта менш тычыцца, яны не такія мабільныя, як украінцы. Гэта паказьнік агульнай атмасфэры нецярпімасьці, якая падсілкоўваецца фактычна на дзяржаўным узроўні.

Ці трэба нам такая Эўропа, ці хочам мы ў такую Эўропу? Самая ідэя эўрапейскага дому для беларускага дэмакратычнага грамадзтва робіцца няпростай. Яна і раней была няпростай, але цяпер яна робіцца яшчэ больш няпростай. Мы ня хочам, каб нас там успрымалі, як людзей «другога гатунку».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG