Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь праігнаравала выставу вайсковай тэхнікі ў Кіеве


Выстава «Зброя і бясьпека» ў Кіеве. 9 кастрычніка 2018 году
Выстава «Зброя і бясьпека» ў Кіеве. 9 кастрычніка 2018 году

9 кастрычніка ў Кіеве адкрылася выстава «Зброя і бясьпека» — безь беларускіх экспанэнтаў. Хоць некаторыя беларускія машыны і камплектуючыя ёсьць.

У Кіеве адкрылася XV Міжнародная спэцыялізаваная выстава «Зброя і бясьпека». На ёй прадстаўленая вайсковая тэхніка і зброя як для войска і праваахоўных органаў, гэтак і для абароны цывільнага насельніцтва. Удзел бяруць амаль 500 кампаній з 17 краін сьвету.

Першы дзень выставы — традыцыйна закрыты для наведнікаў: сёньня тут працуюць толькі афіцыйныя дэлегацыі і ўдзельнікі. Яны знаёмяцца з прадукцыяй канкурэнтаў і праводзяць перамовы.

Найбольшую пляцоўку на выставе займае ўкраінскі дзяржаўны канцэрн «Украбаронпрам».

Тут выстаўленыя ўсе найноўшыя распрацоўкі мясцовай «абаронкі» — браняваная выведна-дазорная машына «БРМ-Мангуст», БТР-3ДА з баявым модулем «Штурм-М» БМ-3М, мадэрнізаваныя БТР-70Д і БМП-М1С, авіяцыйныя ракеты тыпаў Р-27, РС-80КО, кіраваная супрацьтанкавая ракета «Камбат» (125 мілімэтраў) і артылерыйскія снарады з лазэрным паўактыўным саманавядзеньнем тыпу «Квітник-Е» і «Карасук».

Упершыню экспануецца 122-мілімэтровая рэактыўная сыстэма залпавага агню «Берест» — неўзабаве яна, зробленая выключна з украінскіх камплектуючых, мае поўнасьцю замяніць ва ўкраінскім войску «Грады».

Беларускія тавары прадстаўленыя ўкраінскімі кампаніямі

Беларускія кампаніі на выставу не прыехалі. Як сьцьвярджаюць арганізатары, апошні раз беларускія распрацоўкі дэманстраваліся ў Кіеве два гады таму, але праз украінскае прадпрыемства.

Сёлета кіеўская кампанія MI Future прапануе вайсковую фільтравальную станцыю для вады. Яна распрацаваная ў 2016 годзе на базе аўтамабіля МАЗ, а цяпер прайшла ўкраінскую ды міжнародную сэртыфікацыю. Як гаворыцца ў суправаджальнай інфармацыі, станцыя здатная ачышчаць да якасьці пітной нават моцна забруджаную ваду.

Традыцыйна другі год запар чарнігаўскае прадпрыемства «Пожмашина» прапануе зробленую таксама на базе МАЗу пажарную аўтацыстэрну.

«Мотор Січ» бяз Воршы

Сёлета асобна прадстаўлены салён «Авіясьвет-XXI». Найбуйнейшы яго ўдзельнік — запароскае прадпрыемства «Мотор Січ», якое да ліпеня валодала 60% акцый Аршанскага авіярамонтнага заводу.

Прэзыдэнт «Мотор Січ» Вячаслаў Багуслаеў адмовіўся пракамэнтаваць умовы перадачы акцый беларускай дзяржаве пасьля адпаведнай заявы беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі.

У той жа час іншыя прадстаўнікі прадпрыемства сказалі Свабодзе: «Мы ўжо „адрэзалі“ для сябе Воршу. Але юрыдычна працэс (перадачы акцый. — РС) пакуль працягваецца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG