6 кастрычніка памежнікі з пункту пропуску «Аляксандраўка» знайшлі 28 патронаў 9-га калібру ў машыне ўкраінца, які зьбіраўся ехаць транзытам празь Беларусь у Літву.
Паводле кіроўцы, мужчыны 1962 году нараджэньня, ён забыўся выкласьці патроны з машыны перад паездкай.
Патроны забралі на экспэртызу, аўтамабіль Kia адправілі на стаянку непрапушчаных транспартных сродкаў. Украінцу ж пагражае да сямі гадоў зьняволеньня за незаконны правоз боепрыпасаў празь мяжу.
Сёлета гэта ўжо дзясяты выпадак выяўленьня боепрыпасаў мазырскімі памежнікамі, адзначаецца на сайце памежнага камітэту.
24 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прынятае рашэньне пра ўмацаваньне мяжы з Украінай.
«Мы бачым, колькі адтуль ідзе сёньня бяды для Беларусі, і ў тым ліку зброі перапраўляецца», — заявіў Лукашэнка.
За год на мяжы затрымалі каля 100 адзінак зброі і 1200 боепрыпасаў, заявіў 26 верасьня старшыня дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо ў тэлеперадачы «Размова ў прэзыдэнта».