Ніхто з кандыдатаў, якія бралі ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах у Бразыліі, ня здолеў пераадолець 50-адсоткавы парог. Другі тур выбараў адбудзецца 28 кастрычніка, паведамляе Reuters.
Бліжэй за ўсіх да перамогі апынуўся ультраправы кандыдат ад Сацыял-лібэральнай партыі Бразыліі Жаір Балсанару: па выніках 99% апрацаваных бюлетэняў ён атрымаў 46,3% галасоў. Яго найбліжэйшы канкурэнт Фэрнанду Адад набраў 29%. За Балсанару аддалі галасы 49 млн выбарнікаў.
У верасьні Балсанару быў паранены падчас адной з сустрэч з выбарнікамі: чалавек з нажом напаў на палітыка і нанёс яму некалькі ўдараў у корпус і жывот. Балсанару быў дастаўлены ў бальніцу і праапэраваны. Паліцыі нападнік заявіў, што атакаваў кандыдата ў прэзыдэнты, таму што так яму загадаў зрабіць «голас Бога», які і накіраваў яго на гэтую місію.
Балсанару вядомы сваімі ўльтраправымі, нацыяналістычнымі і кансэрватыўнымі поглядамі, яго нярэдка называюць «трапічным Трампам» і абвінавачваюць у расізьме, шавінізьме і мізагініі. Ён былы вайсковец і неаднаразова апраўдваў ваенную дыктатуру 1964-1985 гадоў і жорсткія меры кіраваньня краінай, аж да рэпрэсій.
Нягледзячы на крытыку, упершыню Балсанару быў выбраны ў гарадзкую раду Рыа-дэ-Жанэйра яшчэ ў 1988 годзе і з тых часоў сем разоў станавіўся дэпутатам нацыянальнага парлямэнту. На ўсеагульных выбарах у Бразыліі ў 2014 годзе за яго прагаласавала больш за ўсё выбарнікаў штату Рыа-дэ-Жанэйра (464 тыс. галасоў). Ён прапануе рэзка скараціць кабінэт міністраў (да 15 чалавек), прыватызаваць многія дзяржаўныя кампаніі і зрэзаць заробкі чыноўнікам. Гэтыя пункты ягонай праграмы знаходзяць шырокі водгук у Бразыліі, дзе многія стаміліся ад пастаянных карупцыйных скандалаў ва ўладзе.
Акрамя прэзыдэнта, бразыльцы ў мінулыя выходныя таксама галасавалі за кандыдатаў у Нацыянальны кангрэс Бразыліі, выбіралі губэрнатараў, віцэ-губэрнатараў і заканадаўчыя органы штатаў.