Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бразыліі на прэзыдэнцкіх выбарах наперадзе правакансэрватыўны кандыдат


Кандыдат у прэзыдэнты Бразыліі Жаір Балсанару, 6 верасьня 2018
Кандыдат у прэзыдэнты Бразыліі Жаір Балсанару, 6 верасьня 2018

У нядзелю ў Бразыліі праходзяць усеагульныя выбары, на якіх грамадзяне абіраюць прэзыдэнта, парлямэнт і губэрнатараў. Сярод 13 кандыдатаў на прэзыдэнцкую пасаду лідзіруе Жаір Балсанару, якога журналісты празвалі «трапічным Трампам» за яго шакавальныя выказваньні і жаданьне радыкальна зьмяніць палітычны курс краіны.

63-гадовы Балсанару — капітан арміі ў адстаўцы і актыўны правакансэрватыўным кангрэсмэн. Ён робіць стаўку ў першую чаргу на эвангельскіх хрысьціянаў, якія чакаюць ад яго адраджэньня сямейных каштоўнасьцяў. Паводле апытаньняў, яго падтрымлівае больш за палову насельніцтва.

Балсанару неаднаразова выказваў сымпатыі на адрас вайскоўцаў, параўноўваў гомасэксуальнасьць з пэдафіліяй, а таксама заяўляў жанчыне-кангрэсмэнцы, што яна нявартая таго, каб быць згвалтаванай. Сярод іншага, Балсанару абяцае вярнуць сьмяротнае пакараньне, перамагчы карупцыю і злачыннасьць, палепшыць адносіны з ЗША, а таксама праводзіць ультра-лібэральную палітыку, якая, паводле яго, будзе прынцыпова адрозьнівацца ад палітыкі сацыяльных датацыяў ранейшага ўраду. Супраць Балсанару прайшлі акцыі пратэсту па ўсім сьвеце.

У пачатку верасьня паведамлялася, што Балсанару атрымаў нажавое раненьне ў жывот падчас сустрэчы з выбарнікамі ў адным з штатаў на ўсходзе краіны. Ён палічыў рану нязначнай і працягнуў барацьбу за пасаду кіраўніка дзяржавы.

Да пачатку выбарчай кампаніі найбольш папулярным лічыўся былы прэзыдэнт Луіс Інасію Лула да Сілва, аднак яго не дапусьцілі да выбараў: летась ён быў асуджаны на 12 гадоў турмы ў справе аб карупцыі. Замест яго левая «Партыя працоўных» вылучыла на пасаду кандыдата ў прэзыдэнты былога мэра Сан-Паўлу Фэрнанду Адада.

Акрамя Балсанару, на найвышэйшую пасаду прэтэндуюць у тым ліку яшчэ два кандыдаты-эвангелікі, а таксама цэнтрыст Бэнэвэнуту Дасіёлу, які называе сябе «пасланьнікам Госпада». Чакаецца, што пераможца будзе вызначаны ў другім туры, куды, як мяркуецца, выйдуць Балсанару і Адад.

У галасаваньні маюць права ўзяць удзел грамадзяне, якія дасягнулі 16 гадоў, гэта значыць каля 147 мільёнаў бразыльцаў. Для выбарнікаў ад 18 да 69 гадоў удзел у волевыяўленьні абавязковы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG