Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Вайцюшкевіч засьпяваў Маякоўскага па-беларуску. Аўдыё


Беларускі музыка Зьміцер Вайцюшкевіч. Здымак: Алекс Жарнасек
Беларускі музыка Зьміцер Вайцюшкевіч. Здымак: Алекс Жарнасек

2 лістапада ў Менску Зьміцер Вайцюшкевіч ладзіць канцэртную прэзэнтацыю новага альбома «Люблю» на вершы Ўладзіміра Маякоўскага. 5 кастрычніка адбылася прэм’ера песьні «Паслухайце» з альбому, напісанай на беларускі пераклад аўтарства Рыгора Барадуліна.

«Калі выйшаў мой першы альбом на вершы Маякоўскага ў 2005 годзе, Барадулін мяне спытаў, чаму я не скарыстаў нідзе беларускія пераклады. А я проста неяк не падумаў, што яны ёсьць! І вось гэтым разам узгадаў, зрабіў — вельмі такі пранікнёны і сьветлы тэкст, які хацелася дапоўніць адпаведнай музыкай», — распавядае Вайцюшкевіч.

Пераклад «Паслухайце» быў зроблены Рыгорам Барадуліным яшчэ на пачатку 80-х і выдадзены ў аднайменным зборніку. Акрамя гэтай кампазыцыі на альбоме «Люблю» будзе яшчэ адна песьня на беларускай — «Размова з фінінспэктарам аб паэзіі» ў перакладзе Віталя Рыжкова.

Прэзэнтацыя альбому адбудзецца 2 лістапада ў зале «ОК16» (Менск, вул. Кастрычніцкая, 16). У гэты дзень музыка адзначыць 26-годзьдзе сваёй творчасьці.

Зьміцер Вайцюшкевіч доўгі час знаходзіўся ў нефармальных «чорных сьпісах» уладаў. Канцэрты адмянялі ў тым ліку празь «непераадольныя перашкоды» і праз «парнаграфічны і экстрэмісцкі характар» вершаў ці то Бураўкіна, ці то Маякоўскага.

Год таму Вайцюшкевіч даў канцэртны тур у ЗША, на Дзень Волі выступаў у Нью-Ёрку. А ў мінулым годзе распачаў канцэртны тур па Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG