Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнтагон адхіліў абвінавачаньні Расеі ў тым, што ў Грузіі распрацоўваюць біялягічную зброю


Пэнтагон

Афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону Эрык Пэган назваў абвінавачаньні расейскага Міністэрства абароны ў тым, што ў Цэнтры Лугара захоўваюцца боепрыпасы для хімічнай і біялягічнай зброі, «прадуктам вынаходлівай і ілжывай дэзінфармацыйнай кампаніі Расеі супраць Захаду» і «відавочнымі спробамі адцягнуць увагу ад нядобрасумленных паводзін Расеі на многіх франтах».

«ЗША не распрацоўваюць біялягічнай зброі ў Цэнтры Лугара», — падкрэсьліў Пэган.

Паводле яго словаў, лябараторыя, якая займаецца грамадзкай аховай здароўя і вэтэрынарыі, належыць грузінскаму Нацыянальнаму цэнтру па кантролі захворваньняў і грамадзкай ахове здароўя і працуе пад яго кіраўніцтвам.

«Місія Цэнтру Лугара — уносіць уклад у абарону грамадзян ад біялягічных пагроз, ахоўваць здароўе людзей і жывёл шляхам выяўленьня інфэкцыйных захворваньняў, эпідэміялягічнага кантролю і правядзеньня даследаваньняў у інтарэсах Грузіі, Каўкаскага рэгіёну і ўсёй сусьветнай супольнасьці», — дадаў Пэган.

Цэнтр адкрыўся ў 2013 годзе на ўскраіне Тбілісі і быў названы ў гонар былога амэрыканскага сэнатара Рычарда Лугара.

Пра тое, што ЗША нібыта ставяць экспэрыменты над людзьмі ў Грузіі, 11 верасьня паведаміў былы кіраўнік дзяржбясьпекі гэтай краіны Ігар Гіяргадзе. Ён зьвярнуўся да прэзыдэнта ЗША Дональда Трампу з просьбай расьсьледаваць дзейнасьць лябараторыі.

4 кастрычніка начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны ўзброеных сілаў Расеі Ігар Кірылаў заявіў, што пры выпрабаваньнях на грамадзянах Грузіі прэпарату, вырабленага Цэнтрам Лугара, у сьнежні 2015 году загінулі 24 чалавекі, а пазьней — яшчэ 49.

Кірылаў таксама заявіў, што распаўсюд вірусных захворваньняў на поўдні Расіі таксама можа быць зьвязаны зь дзейнасьцю Цэнтру Лугара. Ён нагадаў пра распаўсюд афрыканскай чумы сьвіней з Грузіі ў 2007 годзе, якая прывяла да маштабных страт у расейскай фэрмэрскай гаспадарцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG