Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытачка Роўда: Беларускія аўтары пішуць самі для сябе і для вытанчаных аматараў літаратуры


Марыя Роўда
Марыя Роўда

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьніца і перакладчыца Марыя Роўда.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Я чытаю некалькі кніг адначасова: для душы, па працы, дзіцячыя кнігі. Па вялікім рахунку, мне пашанцавала з выбарам прафэсіі, таму можна лічыць, што ўсе кнігі чытаюцца для душы. Выбар чытва залежыць

Усе кнігі чытаюцца для душы

ад таго, што ў гэтую хвіліну ў прыярытэце: напісаньне артыкула па канцэптах розных моваў і культураў, лекцыі па гісторыі ангельскай мовы, выбар тэмы курсавой ці трэба пачытаць дзецям — пасьля абуджэньня, перад сном, калі гушкаюцца на арэлях. Відавочна, што цяпер больш сыстэмнае маё чытаньне дзіцячай літаратуры.

Кніжкі для сябе чытаюцца ў залежнасьці ад таго, што пільней гарыць, у якім пакоі я знаходжуся і што вывуджу са стосіку пад рукой, занятая кімсьці чыталка ці не. Праўду кажучы, чытаць хочацца болей, асабліва навінак, але не атрымліваецца, бо трэба выконваць розныя абавязкі.

Цяпер чытаю Эліс Манро «Дарагое жыцьцё» (па-ангельску), Тоні Парсанса «Пагрэцца на сонейку» («Catching the Sun») — каб разьвеяцца, «Сьвет Даўнтан Эббі» Джэсікі і Джуліяна Фэлаўз для лепшага разуменьня брытанскай культуры пачатку 20 стагодзьдзя і для завяршэньня артыкулу.

Дзецям мусіла чытаць расейскую клясыку — праграмнае пазакляснае чытаньне для 5 клясы, куды пайшоў старэйшы сын. Ён і сам любіць чытаць, але ў яго свае прыярытэты, таму я спрабую падкласьці саломінку і падстрахавацца. Аповед Антона Чэхава «Хлопчыкі» вельмі спадабаўся майму малодшаму сыну, катораму чатыры гады, і мы перачытвалі гэты твор шмат разоў. З усяго сьпісу гэта, бадай, самы аптымістычны твор. Уражаньне — літаратура такая дэпрэсіўная, што я пытаюся ў сябе, ці гэта падборка такая, ці жыцьцё сапраўды было такое жахлівае, ці аўтары меліся, наадварот, паказытаць нэрв чытачу? Нейкая татальная безвыходнасьць. Думаю: «На што гэта запраграмуе маіх дзяцей?» Таму з мужам вырашылі чытаць Марка Твэна — «Прыгоды Тома Соера і Геклбэры Фіна». Меркавалі, гэта будзе забаўнае чытво, але я сумнявалася момантамі ў яго пэдагагічнасьці. Вось такая я зрабілася маралістка.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Пару гадоў таму мяне ўразіла кніга Алеся Пашкевіча «Круг», прысьвечаная Ўладзімеру Дубоўку. Мяне зачапіў вобраз паэта-пакутніка, які страціў і мусіў узнаўляць, не заўжды ўдала, амаль усю сваю творчую

Уразіла кніга Алеся Пашкевіча «Круг»

спадчыну, пахаваў малога сына, неаднаразова перажыў лягер, быў рэабілітаваны і ня мог вярнуцца праз інтрыгі, — вобраз на паверхні дасьціпнага паэта, а па сутнасьці злачынцы, які ўваходзіць у школьную праграму. Усе аўтары хочуць славы, піяру, «падабаек», перакладаў — пасьпяховасьці. А Дубоўка сплаціў такую страшную цану за сапраўдны талент і крытычны верш пра Радзіму.

Факты ў кнізе Алеся Пашкевіча выкладзеныя так, што зло застаецца непакараным, а дабро мусіць цярпець жахлівыя выпрабаваньні і заставацца дабром, не атрымліваючы ні палёгкі, ні ўзнагароды. Па вялікім рахунку, караецца той, хто робіць дабро, і часта сьмерцю. Уражаньне такое, што гэта лёс, але трэба разумець, што гэта быў вынік дзеяньня існуючай тады сыстэмы, у каторай былі перавернутыя каштоўнасьці і ў каторай чалавек інтэлектуальны, таленавіты, разумны, сьветлы называўся злачынцам, быў выкляты на згубу ці рабіўся маргіналам.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Звычайна — гэта тое, што кніга на слыху. Мы самі можам не заўважаць, але кнігі піярацца рознымі мэдыйнымі рэсурсамі, сацыяльнымі сеткамі і інтэрнэт-крамамі. Гэта, дарэчы, наводзіць на пытаньне пра тое, наколькі мы самастойныя ў сваім выбары. Раней кнігі раілі сябры, настаўнікі, выкладчыкі, альбо я проста разгортвала кнігу ў краме наўгад і чытала пару старонак — калі падабалася, я яе купляла. Бывае, прываблівае вокладка, і зьмест адпавядае выдатнай якасьці афармленьня. Мне цяпер падабаецца нямецкая кніжная графіка.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Галоўнай мэтай брытанскага зямельнага арыстакрата было перадаць свой маёнтак нашчадку мужчынскага полу

Даволі цікава было даведацца з кнігі Джэсікі і Джуліяна Фэлаўз «Сьвет Даўнтан Эбі» пра тое, што галоўнай мэтай брытанскага зямельнага арыстакрата было перадаць свой маёнтак і маёмасьць непадзельнымі і ў добрым стане нашчадку мужчынскага полу, інакш жыцьцё лічылася б пражытым дарэмна. Астатнія варыянты былі недапушчальныя: раздрабненьне зямлі, дзяленьне мэблі і ўпрыгожаньняў, дачка-спадкаемца. Як паказала гісторыя, з пачатку Другой сусьветнай вайны гэты прынцып болей не працаваў на захаваньне арыстакратычных маёнткаў, ня толькі маёмаснай, але і культурнай спадчыны.

Чаму мяне прывабіла гэтая тэма? Таму што, наколькі можна меркаваць па гістарычных тэкстах, па творчай спадчыне, у Беларусі была моцная сядзібная культура, каторая пачала прыходзіць у заняпад з канца васямнаццатага стагодзьдзя, а ў 1939 годзе была зьнішчаная канчаткова.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Пару гадоў таму я прачытала нарэшце «Расповед служанкі» Маргарэт Этвуд. Перад гэтым некалькі разоў пачынала, але не магла адолець, ня глядзячы на захопленыя водгукі сяброў, бо ў мяне было занадта добрае, насычанае жыцьцё. А тут праніклася раманам, бо змагла супэражываць галоўнай гераіні. Справа ў тым, што якраз у мяне быў дэкрэтны адпачынак з малодшым сынам. І пры тым, што характар у яго быў вельмі лагодны, але ў доглядзе ён быў цяжкаваты, і здароўя і сілаў хапала ледзьве-ледзьве. Плюс адсутнасьць грошай. Адчуваньне поўнай неналежнасьці сабе, ізаляванасьці і немачы. Так я змагла ідэнтыфікаваць сябе з сытуацыяй галоўнай гераіні.

Доктар Раўс і хлопчык у галіфэ

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Цяжка сказаць. Гледзячы, каго адносіць да сучасьнікаў. Раней мне падабаліся Альбэр Камю, Рамэн Гары, Коба Абэ, Юкіё Місіма, Генрых Бёль, Інгеборг Бахман, Джон Фаўлз, Джэймс Джойс, Хуліё Картасар.

Я люблю сасіскі такія, сасіскі гэтакія

Цяпер я люблю Дэвіда Лоджа, Сью Таўнсэнд, Джона О’Фарэла, Тоні Парсанса, Джуліяна Фэлаўза, Эльфрыду Елінэк, Банану Ёсімота, Харукі Муракамі, Фудзісаву Сю, Маргарэт Этвуд, Тоні Морысан, Кадзуо Ісігуру, Патрыка Мадыяно. Атрымліваецца, як у «Денискиных рассказах» Віктара Драгунскага: я люблю сасіскі такія, сасіскі гэтакія, кілбасу такую, кілбасу гэтакую. Калі сур’ёзна, то, як пісаў Борхес, у маладосьці мне падабаліся драматычныя захады ў цэнтры гораду, а ў сталасьці — ціхія сьвітанкі на ўскрайку.

Беларускіх аўтараў называць ня буду, бо некага не ўзгадаю, і чалавек будзе крыўдаваць, а выдатныя творы ёсьць, бадай, ва ўсіх. Я лічу, што беларуская літаратура мае вельмі высокі ўзровень, і тое, што яна не масавая — гэта, можа быць, яе паратунак, а не бяда, бо гэты фактар садзейнічае захаваньню элітарнасьці ў сэнсе якасьці пісьма. Хочам мы гэта прызнаць альбо не, сёньня беларускія аўтары пішуць самі для сябе і для вытанчаных аматараў літаратуры. Але ў гэтым і раскоша.

Праблема беларускіх твораў у тым, што яны мала перакладзеныя

Праблема беларускіх твораў у міжнародным пляне ў тым, што яны мала перакладзеныя, і гэта дрэнна, бо літаратура нашая вельмі аўтэнтычная. Не ведаю, праўда, наколькі пераклады здольныя перадаваць музыку беларускай мовы. Для мяне беларуская літаратура — гэта менавіта музыка. Мой камэртон — словы Зьмітрака Бядулі «занадта ты любіш, хлопец». Я не ўпэўненая нават, што гэта правільна сказана па-беларуску (літаральны пераклад на ангельскую гучаў бы бездакорна), але гэтая ўнікальная фраза дапамагае мне настроіцца на гучаньне сусьветаў.

Я спадзяюся, што адбудзецца нейкі прарыў, калі беларускія кнігі зробяцца пэўным брэндам і сьвет будзе вар’яцець па іх.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

«Прыгоды Геклбэры Фіна» Марка Твэна. Тыя эпізоды, дзе ў аповедзе зьяўляюцца «кароль» і «герцаг». Яны нагадваюць мне сучасных інтэрнэт- «экспэртаў», дарадцаў, коўчаў і проста «знакамітасьцяў», каторыя ствараюць сабе ў сацыяльных сетках ілжывыя вобразы.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Я пераўвасабляюся ў сваіх герояў

Не памятаю. Калі плакала, то па нейкай іншай прычыне. А не, як нармальны графаман, які рыдае над сваімі кнігамі, я дакладна плакала пэўнымі момантамі, калі пісала сцэну «расстрэлу» Лявонаўны і Лёніка ў «Настаўнік заўжды вінаваты», бо гэта сапраўдная гісторыя пра маю родную бабулю і майго дзядзьку. Я пераўвасабляюся ў сваіх герояў. Паколькі Лявонаўна вырашала «звычайную», «побытавую» праблему, як выкарыстаць старажытных грэкаў у справе выратаваньня яе сына, я плакала за яе па непражытым шчасьці і скрадзеным жыцьці.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

У мяне ёсьць сьпіс зь некалькіх кніг: трох расейскіх аўтарак і па кнізе ад двух беларускіх аўтараў. Усе сучасьнікі. Таленавітыя, працавітыя. Я з павагай стаўлюся да большасьці іх твораў. Пэўныя кнігі мне не спадабаліся тым, што аўтары ў іх, на мой погляд, касабока трактуюць гісторыю, апяваюць апартунізм, эмансыпацыю аднаго народу за кошт іншага, не зважаючы на тое, якую трагедыю цягне за сабой гэты сацыяльны экспэрымэнт. Кожны ў сваім праве, што называецца, а можа, імі кіраваў недахоп інфармацыі, ці на іх узьдзейнічаў агульнапрыняты ў пэўных сацыякультурных і этнічных групах погляд, таму кнігі і аўтараў я называць ня буду. Але некаторыя ідэі, выкладзеныя ў іх кнігах, я лічу ілжывымі.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Я не чытаю навуковую фантастыку. Чытала клясыку жанру ў дзяцінстве, але цяпер — не. Дэтэктывы таксама не чытаю. Але я хацела б пачытаць Агату Крысьці ў арыгінале. Фільмы па яе творах падаюцца мне вельмі стылёвымі. Я люблю гэты пэрыяд. І мэмуары яе мне вельмі спадабаліся: у ёй ёсьць тое, што я шаную — пачуцьцё стылю, пачуцьцё гумару, самаіронія. Проста так сталася, што гадоў у сямнаццаць, калі можна было выбіраць паміж Агатай Крысьці ў арыгінале і Коба Абэ ў перакладзе на расейскую, я выбрала Коба Абэ, і ён моцна паўплываў на маю сьвядомасьць.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Я заўжды настойвала на тым, што люблю чытаць на паперы: хаця б ведаеш, дзе пачатак, дзе канец, і паваражыць можна пры нагодзе, разважаючы над радком на адвольна разгорнутай старонцы. З электроннымі кнігамі ў мяне было ўражаньне, што неяк не арыентуесься прасторава, дзе ў кнізе ты знаходзісься. А з некаторымі кнігамі пытаесься ў сябе: «Можа, у мяне з файлу скралі канец? Ці гэта проста вытрымкі нейкія, сьліўкі ад кнігі, бо іначай незразумела, чаму ёй усе захапляюцца?» Але цяпер заўважаю, што ў папяровых кнігах раз-пораз спрабую торкаць пальцам на паверхню, як з чыталкай ці пляншэтам. Відаць, гэта сьведчыць пра тое, што я шмат чытаю з экрану.

Электронныя кнігі таньнейшыя, і для мяне гэта важна

Плюс электронных кніг у тым, што іх можа быць шмат і яны не ствараюць беспарадку, можна выкарыстоўваць функцыю пошуку і лягчэй перакладаць. Электронныя кнігі таньнейшыя, і для мяне гэта важна. Мінус у тым, што яны зьнікаюць у нетрах гаджэта і ты не парэфлексуеш пра прачытанае, разглядаючы вокладку, ня вернесься да даўно прачытанага, задуменна працягнуўшы руку да паліцы. З электроннымі кнігамі меней рамантыкі, меней сузіральнасьці. Але, зрэшты, я амаль заўжды перадаю цяпер свае кнігі далей сваякам і сябрам, таму фізычна са мной мала кніг застаецца — толькі тое, што зьбіралася ў маладосьці, і дзіцячыя выданьні.

А вось у транспарце папяровую кнігу чытаць ці ў грамадзкай установе — гэта выклік. Выглядае, як анахранізм. Да ўсяго з гаджэтам ніхто ведаць ня будзе, што ты чытаеш — Фэйсбук ці літаратурны твор, а папяровая кніга ў руках — гэта ўжо моцнае выказваньне, што называецца, a statement. Хаця папяровыя кнігі цудоўна выглядаюць у Instagram і Pinterest, таму, мяркую, яны маюць шанец заставацца актуальнымі.

Што датычыцца, астатніх пытаньняў, то я ўжо пісала, што ў мяне распачата некалькі кніжак, бо нешта мушу чытаць, нешта хочацца, і хочацца болей, як можацца. Чытаю, калі выпадае магчымасьць. Да ўсяго гэта частка маёй працы, да каторай я дарываюся, калі «спарадкую» дзяцей. А за дзяцей хапаюся, калі выбаўлюся ад працы.

Гэта захапленьне ціхае, у адрозьненьне ад музыкі і кіно

Увогуле, у мяне ўражаньне, што я мала што пасьпяваю, але чытаньне ўсё ж для мяне прыярытэт перад астатнімі хобі, таму што гэта захапленьне ціхае, у адрозьненьне ад музыкі і кіно, бо апошнія не праходзяць узроставы цэнз у дачыненьні да дзяцей. Выяўляецца, што я мушу жыць у сьвеце ціхіх захапленьняў, але нават у ім ёсьць пэўныя абмежаваньні. Летась, калі мне трэба было выбіраць паміж начытваньнем літаратуры для лекцый па гісторыі ангельскай мовы, гародам і кветнікам, я выбрала навуковую літаратуру і кветнік. Відаць, гэта мяне пэўным чынам характарызуе, але не абавязкова станоўча з пункту гледжаньня маіх суседак.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Раней кнігі калекцыянаваліся і былі расстаўленыя па аўтарах, накірунках, мовах, пэрыядах. Потым я пераяжджала з кватэры на кватэру, кнігі вандравалі са мной альбо чакалі пераезду. Цяпер я захоўваю старую бібліятэку ў адвольным парадку. Новыя кнігі разбэрсаныя па розных кутках у кватэры ў залежнасьці ад прызначэньня і тэматыкі, бо і чытаюцца адпаведна: пакуль дзеці сьпяць, пры дзецях, для дзяцей. Але я ведаю, дзе што знаходзіцца.

Хацела перарабіць балькон пад кабінэт

У мяне ёсьць новае месца ў кватэры, каторае замяняе мне кабінэт: высокая камода перад уваходам на кухню. Там некалькі стосікаў з кнігамі па працы і самым важным чытвом, да каторага не дацягнуцца дзеці. Працую я на кухні рана раніцай, а 4-й, калі лекцыі, і, а 6-й у астатнія дні, акрамя выходных, недзе да 7–8 (калі пашанцуе), пакуль усе сьпяць. Пісьмовы стол мой акупаваны дзіцячымі падзелкамі, кнігамі, плястылінам. Мяне гэта не бянтэжыць — я люблю дзяцей і радая, што я да гэткага выйсьця датумкала (у сэнсе камоды і кухоннага стала). Хацела перарабіць балькон пад кабінэт, але неяк сталася, што старэйшы сын і муж пачалі стаўляць там ровары. Чым бы дзіця ня цешылася… У мяне, дарэчы, ровара няма, і ў горадзе ніколі не было — гэта ў дачыненьні да таго, што пішу я, быццам бы, выключна пра сябе. На жаль, ці на шчасьце, — не.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Я люблю чытаць кнігі па філязофіі і псыхалёгіі. Не «дапамажы сабе сам», а менавіта дыхтоўныя працы. Але гэта ўжо нікога не бянтэжыць. Мне нават дораць адпаведныя кнігі. Кшталту, «Псыхалёгія за 30 сэкундаў». Але зь яе якраз я пачытала літаральна пару старонак.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Зусім нядаўна адна вядомая інтэрнэт-крама падарыла мне на дзень народзінаў кнігу Джуліяна Фэлаўза «Снобы» на ангельскай. Я была вельмі кранутая. Якраз перад гэтым мне адмовілі без тлумачэньня прычыны ў брытанскай візе для паездкі на канфэрэнцыю ў Кембрыдж,

Нечаканы падарунак у выглядзе кніжкі ў пэўнай ступені кампэнсаваў несправядлівасьць

падрыхтоўка да каторай, у тым ліку фінансавая, вялася амаль год. Крыўда — гэта нават ня самае адпаведнае слова для апісаньня майго стану. Гэта як бомба ў ваду — фантан, усплёскі і ніводнага гуку. Я спрабую нейкі для сябе ўбачыць у гэтым урок. Я — англафілка, каторая дасьледуе са студэнтамі брытанскую культуру. Мяне запрасілі на канфэрэнцыю — гэта магчымасьць росту, але візу не далі. І я не хачу быць турысткай — я хачу інтэлектуальна разьвівацца. І фінансава я не ў тым стане, каб на ўсіх плюнуць і паехаць памерці ў Вэнэцыю. І адмовіцца ад сваіх інтарэсаў я не хачу: маўляў, болей нічога брытанскага — толькі беларускае. Крыўдна, але нічога ня зьменіш.

А нечаканы падарунак у выглядзе кніжкі ў пэўнай ступені кампэнсаваў несправядлівасьць. Джуліян Фэлаўз умее ў адным радку і выдатна перадаць характар чалавека, і з гумарам абмаляваць сытуацыю, і з самаіроніяй выказаць свой сьветапогляд альбо агульныя забабоны. Гэты твор спатрэбіцца мне для працы. Атрымліваецца, я, такая дурніца, працую на брытанскі сьцяг. Але не. Захапленьне ёсьць захапленьне. Трэба сябе прымаць, у сваім сьвеце жыць і жыць прыгожа.

99 адсоткаў немагчымасьці

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Цяжка сказаць. Можа быць, Караткевічаў Гервасій Выліваха і Агнэса — галоўная гераіня «Часу любіць» Філіпа Эрыя.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Так, шмат. Запомнілася, як чытала Ганса Крыстыяна Андэрсэна. Чамусьці пасьля прачытаньня яго мне закарцела разьвесьці кветкавы сад. Рэалізавалася гэтая мара толькі болей, як праз дваццаць гадоў.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Магла б быць пасіянарная кніга па сапраўднай гісторыі Магілёўшчыны

Думаю, прымушаць — ня самая ўдзячная справа. Прымушаць бы я ня стала. Паколькі гэты чалавек — палітык і гісторык, я, можа быць, параіла б мэмуары М. К. Агінскага «Пра Польшчу і палякаў». Альбо, мне чамусьці ўяўляецца, гэта магла б быць якая-небудзь пасіянарная кніга па сапраўднай гісторыі Магілёўшчыны. Хай бы яна нават супярэчыла поглядам названага чытача, але захапляла б настолькі, што ёй немагчыма было б супрацьстаяць. Я ўжо сама хачу гэтую кнігу!

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Уільяма Шэксьпіра, Міхаіла Булгакава, Сэй Сёнагон.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Ня ведаю. Усё роўна ўсе наманяць і перакруцяць. Сэй Сёнагон, Інгеборг Бахман, Банана Ёсімота і так збольшага пра мяне распавялі.

Што вы перачытваеце?

Раней я часта перачытвала «Тэатральны раман» Міхаіла Булгакава. Пару разоў вярталася да «Часу любіць» Філіпа Эрыя. Альбэра Камю, Банану Ёсімота, Джона О’Фарэла сёе-тое перачытвала некалькі разоў. Басё, Сайгё, Бродзкага — іх я, хутчэй, узгадваю, чым перачытваю, бо нешта ведаю напамяць.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

У мяне бясконцы сьпіс кніг, якія трэба пачытаць, і яшчэ болей хутка напішуць. Спадзяюся жыць доўга і ўсё перачытаць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG