Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод праблемаў — алькагалізацыя краіны. Новая каардынатарка ААН у Беларусі расказала, чым будзе займацца


Яанна Казана-Вісьнявецкі, пастаянная каардынатарка ААН у Беларусі

Новая пастаянная каардынатарка ААН у Беларусі Яанна Казана-Вісьнявецкі прыбыла ў Беларусь 15 траўня. У вялікім інтэрвію Naviny.by 3 кастрычніка яна расказала пра тое, якія пытаньні яна лічыць прыярытэтнымі ў сваёй працы.

Паводле Яанны Казана-Вісьнявецкай, асноўная ейная практычная задача — каардынацыя працы сыстэмы ААН і дзейнасьці агенцтваў, фондаў і праграмаў ААН. А галоўная задача ААН у Беларусі — падтрымка тых нацыянальных прыярытэтаў, якія названыя самой краінай. Іх агучыў міністар замежных справаў Уладзімер Макей:

Казана-Вісьнявецкі адзначыла, што ў справе з мэтамі ўстойлівага разьвіцьця гаворка ідзе ня толькі пра эканамічны рост і ахову навакольнага асяродзьдзя, але і падтрымку малых і сярэдніх прадпрыемстваў, энэргазьбераганьне, працаўладкаваньне моладзі, здароўе і іншае.

А ў пытаньні здароўя ААН у Беларусі зьвяртае асаблівую ўвагу на праблему злоўжываньня алькаголем. Так, паводле зьвестак ААН, 25% моладзі 14–17 гадоў «мелі досьвед» куплі алькаголю без дакумэнтаў, а 35% мужчынаў рэгулярна ўжываюць алькаголь з мэтай «увайсьці ў стан глыбокага алькагольнага ап’яненьня».

Прадстаўніца ААН бачыць такія шляхі вырашэньня праблемаў Беларусі з алькаголем:

  • алькаголь павінен каштаваць болей;
  • алькаголь не павінен прадавацца непаўналетнім;
  • алькаголь не павінен прадавацца проста паўсюль — напрыклад на запраўках.

Таксама Казана-Вісьнявецкі адзначыла, што ў Беларусі трэба прыцягваць моладзь да дыскусіяў і выпрацоўкі стратэгічных рашэньняў, разьвіваць электронны ўрад і лічбавыя паслугі насельніцтву, працаваць над гендэрнай роўнасьцю, змагацца з гендэрным гвалтам, «мяняць стэрэатыпы» ў дачыненьні гвалту ў сям’і і цкаваньня ў школе.

Сярод буйных праектаў, рэалізацыю якіх ААН плянуе у найбліжэйшы час у Беларусі, яна назвала:

  • праграму разьвіцьця сярэдніх, малых і мікрапрадпрыемстваў, падпісаную зь Мінэканомікі і фінансаваную Эўразьвязам, накіраваную на разьвіцьцё сфэры паслуг на мясцовым узроўні, у тым ліку на сяле;
  • ініцыятыву ў барацьбе з устойлівымі арганічнымі забруджвальнікамі (як, напрыклад, выкіды старой хімічнай прамысловасьці), якую фінансава падтрымае Глябальны экалягічны фонд;
  • праект прасоўваньня мэтаў устойлівага разьвіцьця і ўвязваньня іх з «паўсядзённым жыцьцём звычайнага чалавека», які цяпер абмяркоўваецца з намесьніцай старшыні Савету Рэспублікі Мар’янай Шчоткінай.

«Патэнцыял на месцах ёсьць, але патрабуюцца інвэстыцыі з боку дзяржавы, бізнэс-колаў і донараў. Нам неабходна аб’яднаць нацыянальныя і мясцовыя прыярытэты і зарыентаваць іх на Мэты ўстойлівага разьвіцьця», — выказала Казана-Вісьнявецкі свае ўражаньні ад паездак па Беларусі. Паводле яе, на месцах шмат добрых ініцыятываў па навакольным асяродзьдзі, культурнай спадчыне і турызьме.

Яна таксама расказала, што пакуль у ААН не ўзьнікала пытаньняў наконт нямэтавага выкарыстаньня абсталяваньня (кампутараў, машынаў ды іншага), пастаўленага беларускім партнэрам для супольных праектаў.

На пытаньне аб крытыцы таго, што прадстаўніцтва ААН супрацоўнічае толькі з зарэгістраванымі няўрадавымі арганізацыямі і не працуе зь незарэгістраванымі, Казана-Вісьнявецкі адказала, што ня чула крытычных водгукаў (хоць «такі крытычны погляд мае права на існаваньне») і ня просіць паказаць рэгістрацыю на сустрэчах зь людзьмі, ды ў рэалізацыі праектаў падраднікамі могуць выступаць толькі юрыдычныя асобы.

Яна дадала, што прадстаўніцтва актыўна супрацоўнічае з арганізацыямі на месцах, якія не называюць сябе праваабарончымі, але «прадстаўляюць мясцовых актывістаў» — яны атрымліваюць тэхнічную дапамогу і гранты на рэалізацыю ідэяў.

Магчымасьць візыту ў Беларусь Генэральнага сакратара ААН (такі візыт сарваўся ў 2016 годзе) яна ня выключыла: «Магчымасьць ёсьць заўсёды». Казана-Вісьнявецкі дадала, што калі знаходзіцца ў Нью-Ёрку, «заўсёды прасоўвае ідэю аб тым, што Генсакратар мусіць прыехаць у Беларусь».

Байкот беларускімі ўладамі супрацы з адмысловым дакладчыкам ААН па Беларусі ў галіне правоў чалавека яна назвала «сувэрэнным рашэньнем» і згадала, што беларускія ўдады маюць сёлета прадставіць у Камісію ААН у правах чалавека першы за 21 год даклад аб выкананьні Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG