Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NYT: Трамп разбагацеў праз махлярства з падаткамі. Адвакат Трампа: Гэта фальшыўка і паклёп


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп змог значна павялічыць сваё багацьце дзякуючы «сумнеўным падатковым хітрыкам» і «адкрытаму махлярству з падаткамі», сьцьвярджаецца ў матэрыяле, апублікаваным у газэце New York Times, якая правяла шматмесячнае расьсьледаваньне фінансавых і падатковых апэрацый бацькі Трампа.

Аўтары матэрыялу сьцьвярджаюць, што Дональд Трамп атрымаў ад свайго бацькі, нью-ёркскага мільянэра Фрэда Трампа, капітал у памеры каля 413 млн даляраў. Гэта лічба разыходзіцца з афіцыйнай вэрсіяй Дональда Трампа, які казаў, што бацька даў яму на разьвіцьцё бізнэсу крэдыт на 1 млн даляраў.

У артыкуле гаворыцца, што Фрэд Трамп пачаў таемна перадаваць грошы Дональду Трампу і іншым сваім дзецям шмат гадоў таму і што спадчыньнікі Фрэда Трампа да гэтага часу атрымліваюць дывідэнды ад дзейнасьці кампаніі Трамп-старэйшага, які памёр у 1999 годзе.

Багацьце Фрэда Трампа, перададзенае яго чатыром дзецям, склала каля мільярда даляраў. Падатак на гэтую суму павінен быў дасягнуць 550 мільёнаў даляраў, аднак у выніку розных падатковых манэўраў, піша газэта, сям’я выплаціла дзяржаве 52 мільёна 200 тысяч даляраў.

Аўтары матэрыялу абвінавацілі Дональда Трампа ў тым, што ён дапамог бацьку павялічыць багацьце дзякуючы сумнеўным падатковым схемам, уключаючы незаконнае атрыманьне падатковых вылічэньняў. Журналісты мяркуюць, што цяперашні прэзыдэнт ЗША сьвядома занізіў ацэнку холдынгу Трампа, каб значна зьменшыць падатковы цяжар.

Таксама ў артыкуле гаворыцца, што Дональд Трамп і ягоныя браты заснавалі падстаўную карпарацыю, якая патрэбная была ім для утойваньня наяўных грошай, атрыманых у падарунак ад бацькі.

Юрыст Трампа Чарльз Хардэр выступіў з заявай, у якой гаворыцца, што абвінавачваньні NYT «на 100% фальшывыя і зьяўляюцца паклёпам». Ён абверг факты махлярства або ўхіленьня ад падаткаў, якія апісваюцца ў матэрыяле газэты.

Прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс заявіла, што артыкул «уводзіць чытачоў у зман». Яна дадала, што дзяржаўная падатковая служба ЗША «шмат дзесяцігодзьдзяў таму разгледзела і ўхваліла гэтыя транзакцыі».

Між тым, падатковае ўпраўленьне штату Нью-Ёрк зацікавілася інфармацыяй, апублікаванай New York Times, паведамляе тэлеканал ABC. Па словах экспэртаў у галіне падаткаабкладаньня, Трамп наўрад ці зазнае крымінальны перасьлед, паколькі меркаваныя злачынствы, у якіх яго абвінавачваюць, былі зьдзейсьненыя шмат гадоў таму. Аднак прэзыдэнта могуць аштрафаваць ці накласьці іншыя віды адміністрацыйных пакараньняў, калі яго віну ўдасца даказаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG