Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перамовы ў тупіку». Адвакат пра магчымы абмен Сянцова і стан яго здароўя


Алег Сянцоў на абсьледаваньні
Алег Сянцоў на абсьледаваньні

Прэс-служба Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Расеі выклала фатаграфію Алега Сянцова, зробленую падчас мэдычнага агляду, і паведаміла, што яго вазілі ў цывільную лякарню для агляду і карэкцыі харчаваньня. Асуджаны расейскім судом украінец атрымлівае ў турме пажыўную сумесь і глюкозу.

Тым часам «Новая газета», спасылаючыся на адну крыніцу, распавяла, што Масква гатовая абмяркоўваць умовы вяртаньня Сянцова ва Ўкраіну, але ня з Кіевам, а з Вашынгтонам. У абмен на гэта ў Расею маюць вярнуцца асуджаныя ў ЗША Віктар Бут, Канстанцін Ярашэнка і арыштаваная Марыя Буціна. Як сьцьвярджае аўтар нататкі Павел Каныгін, гэтая крыніца блізкая да перамоваў пра абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай.

Што адбываецца з самім Алегам Сянцовым, які галадае 141-ы дзень, мы запыталіся ў яго адваката Дзьмітрыя Дзінзэ.

— У яго абвастрэньне, адпаведна, праблема з сэрцам — сардэчная недастатковасьць. Рэўматызм ніжняй канечнасьці, плюс праблемы зьявіліся зь печаньню і ныркамі. Бо ў яго на фоне галадоўкі зьмяніўся стан крыві, зыходзячы з гэтага, яму прызначылі пэўныя лекі, глюкозу, пажыўныя сумесі, якія яму трэба цяпер прымаць.

Зыходзячы з гэтага, у адпаведнасьці з заключэньнем усіх спэцыялістаў-лекараў, якія яго абсьледуюць: кардыёляг, нэўрапатоляг, можа быць, нават хірург — яму прызначаюць пэўныя прэпараты, якія ён прымае далей на галадоўцы.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў і прадстаўнік МЗС Марыя Захарава не змаглі пацьвердзіць або абвергнуць чутак пра магчымы абмен Сянцова. Наколькі верагодны абмен Сянцова на расейцаў з амэрыканскіх турмаў?

— Перамовы цяпер у тупіку. Думаю, што спэцслужбы Расейскай Фэдэрацыі проста такім чынам выказалі сваю пазыцыю праз журналістаў «Новай газеты», зьяўляючыся крыніцамі «Новай газеты» ў тых або іншых рэпартажах, пра тое, што такі варыянт магчымы. Думаю, што гэта проста публічны крок расейскіх спэцслужбаў, якія далі пэўны намёк, каб выйсьці зь перамоўнага крызісу ў дачыненьні да Сянцова, і хто ў прынцыпе ім быў бы цікавы ў рамках гэтага абмену.

А калі зьвярнуліся ў МЗС з гэтым пытаньнем — што МЗС ведае пра гэтыя абставіны, — натуральна, МЗС нічога ня можа ведаць, таму што МЗС, як правіла, агучвае ўжо афіцыйную пазыцыю расейскага боку, і, зыходзячы з гэтай афіцыйнай пазыцыі, так або інакш робіць заявы. А так, калі расейскія спэцслужбы выходзілі на журналістаў і агучвалі ў нестандартнай форме сваю пазыцыю, то, думаю, мы цяпер будзем спадзявацца — прынамсі, я спадзяюся, — што амэрыканскі бок выступіць зь якой-небудзь заявай або з прапановай, зьвязанай з абменам Сянцова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG