Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гучаць галасы Барадуліна, Бураўкіна, Тараса. Падкаст-вечарынка Зьмітра Бартосіка ў Менску


1 кастрычніка а 19-й гадзіне ў менскай культурніцкай прасторы ОК-16 (вуліца Кастрычніцкая, 16) пачынаецца падкаст-вечарынка ад Зьмітра Бартосіка, майстра непрыдуманых сюжэтаў і трыюмфатара літаратурных прэмій. Ён прэзэнтуе сваю новую кнігу «Клініка кітайскага дантыста», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды.ХХІ стагодзьдзе».

Беларускі пісьменьнік, бард і журналіст Зьміцер Бартосік чытае тэксты, якія не ўвайшлі ў ягоныя радыёпраграмы, а таксама дае магчымасьць гасьцям імпрэзы слухаць старое радыё. Сярод іншага прагучаць галасы вядомых беларусаў, якія засталіся на старых магнітафонных стужках: Валянціна Тараса, Артура Вольскага, Міхася Герчыка, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна.

«Я спрабую абудзіць цікавасьць да слуханьня радыё, таму што друкаваны тэкст не перадае аўтарскай інтанацыі, а яна вельмі важная», — прызнаецца Зьміцер Бартосік.

Аўтар пакажа і ўнікальныя даваенныя здымкі маладога Кандрата Крапівы, Кузьмы Чорнага, Алеся Дудара, Петруся Броўкі, Валянціна Тараса, а таксама пісьменьніцкага пасьведчаньня Віталя Вольскага 1936 году.

На вечарыне будзе шмат музыкі — музычнае аздабленьне самога Зьмітра Бартосіка, а таксама гiтарыста з Масквы Аляксея Сiдарава.

Замовіць кнігу «Клініка кітайскага дантыста» можна ТУТ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG